Ці падобныя Барак Абама і Аляксандр Лукашэнка?

“Б.Х. Абама стаў для Амерыкі лідэрам, які з’явіўся ў цяжкі час для краіны. Як і А.Р. Лукашэнка, ён сімвал надзеі”, — напісаў аднойчы Аляксандр Зімоўскі ў сваёй калонцы на naviny.by. Барак Абама афіцыйна стаў 44-м прэзідэнтам ЗША. У Вашынгтоне адбылася яго інаўгурацыя. Пасля перамогі Абамы на выбарах кіраўнік беларускай дзяржавы назваў яго “стоадсоткавым Лукашэнкам”, калі ён прыйшоў да ўлады пасля развалу Савецкага Саюза. “У крамах пустыя паліцы, разгарнуўся фінансавы крызіс”, правёў паралель Лукашэнка.

Перад гэтым такую самую паралель правёў і вядомы журналіст Аляксандр Зімоўскі ў сваёй калонцы на сайце “Беларускіх навінаў”.

“Б.Х. Абама стаў для Амерыкі лідэрам, які з’явіўся ў цяжкі час для краіны. Як і А.Р. Лукашэнка, ён сімвал надзеі”, — напісаў кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Ці сапраўды новы амерыканскі прэзідэнт і кіраўнік Беларусі 14 гадоў таму нечым падобныя?

Адзінае, што іх аб’ядноўвае — гэта шлях, якім яны прыйшлі да ўлады: абодвух прэзідэнтаў выбраў народ. Такое меркаванне Еўрарадыё выказаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Тут можа быць толькі адно параўнанне, што калісьці даўным-даўно чатырнаццаць гадоў назад Аляксандра Лукашэнку таксама абралі выбаршчыкі. Але гэта было 14 гадоў назад. Пасля гэтага мы бачылі вялікую колькасць выбарчых кампаній, калі Аляксандр Рыгоравіч сам сябе прызначаў на пасаду. Гэта абсалютна супрацьлеглыя людзі і па светапоглядзе, па перакананнях, па адчуванні сітуацыі – гэта абсалютныя антыподы”.

На думку Лябедзькі, параўноўваць эканамічныя становішчы дзвюх краін, зусім няслушна.

Анатоль Лябедзька: “Сітуацыя напачатку 90 х і сённяшняя — яна ўсе ж такі абсалютна розная. Таму што Амерыка — гэта краіна з абсалютна іншай эканомікай і крызіс носіць абсалютна іншы сутнасны характар. У краінах дзейнічаюць абсалютна розныя інстытуты і таму зноў жа параўноўваць маштаб краіны, сітуацыю, гэта мякка кажучы некарэктнае параўнанне”.

Устрымліваецца ад падобных параўнанняў і палітолаг Уладзімір Мацкевіч і прапаноўвае звярнуць увагу на сямейнае становішча Лукашэнкі.

Уладзімір Мацкевіч: “Лічыць што людзі падобныя толькі па паказчыках пакалення, па ўзросце — проста абсурдна. Паглядзіце на сацыяльна-псіхалагічныя акалічнасці: склад сям’і і пабудова сям’і. Адна справа – сям’я у прэзідэнта ЗША, якая абавязаная быць добрай і узорнай, бо без гэтага быць абраным прэзідэнтам Злучаных Штатаў проста было немагчыма. Ну і сямейнае становішча Лукашэнкі. Яго падыходы, адукацыя, рытарычныя здольнасці – ну нічога агульнага увогуле няма”.

Падобныя або не абодва прэзідэнты — гэта ніяк не паўплывае на адносіны паміж краінамі, мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў. Ён адзначае, што на знешнюю палітыку ЗША найперш паўплывае тое, што да ўлады ў Амерыцы прыйшла дэмакратычная партыя. Праз гэта зменіцца і стыль стасункаў з нашай краінай.

Юрый Чавусаў: “Адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю далёка не вызначаюцца падабенствам у асабістай палітычнай кар’еры дзвюх прэзідэнтаў. Больш важнае значэнне мае тое, што ў адміністрацыю, у офіс прыйшла дэмакратычная партыя са сваімі падыходамі, са сваімі мадэлямі вырашэння такіх праблемаў, якія ўяўляе сабой Беларусь у геапалітычным сэнсе, у знешнепалітычным. І безумоўна стыль стасункаў з Беларуссю зменіцца. Але гэта ні ў якім разе не залежыць ад асобы новаабранага прэзідэнта”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі