Ці прасцей будзе атрымаць "польскі" Шэнген?

Ужо з 1 лістапада цана на візу ў Польшчу ўзрасце ў 12 разоў – з 5 да 60 еўра. Так польская амбасада рыхтуецца да ўваходу краіны ў Шэнген з 1 студзеня 2008 года. Цэлыя два месяцы (лістапад і снежань) польская віза будзе каштаваць 60 еўра, але тым не менш прыехаць па ёй можна будзе толькі ў Польшчу. З уступленнем нашых суседзяў (Польшчы, Літвы, Латвіі) у Шэнген, з’явілася шмат пытанняў, большасць з якіх пакуль што застаюцца без адказу.

Бадай што, галоўнае пытанне, якое турбуе цяпер беларусаў: ці будзе магчымасць нейкім чынам знізіць кошт візы?

Еўрарадыё звярнулася да прэс-сакратара амбасады Польшчы ў Беларусі Монікі Садкоўскай з просьбай патлумачыць сітуацыю і адказаць на гэтае ды іншыя пытанні.

Па словах Монікі Садкоўскай, Польшча не можа самастойна прымаць такія рашэнні, паколькі тэрыторыя краіны будзе часткай Шэнгенскай зоны. Нагадаем, што для таго, каб гэтае пытанне было вырашана на карысць Беларусі, нашай краіне трэба падпісаць Пагадненне аб супрацоўніцтве з Еўрасаюзам.

Акрамя Шэнгенскіх візаў Польшча будзе працягваць выдаваць і нацыянальныя візы. Нягледзячы на тое, што каштаваць такая віза будзе ажно 75 еўра, гэта дасць магчымасць некаторым грамадзянам Беларусі зэканоміць, таму што ў адрозненне ад разавай шэнгенскай нацыянальная віза будзе доўгатэрміновай – з тэрмінам дзеяння год і болей.

Моніка Садкоўская: “Я думаю, што Польшча будзе выкарыстоўваць такую магчымасць, каб выдаваць нацыянальныя візы. Гэтыя візы будуць доўгатэрміновыя і будуць дзейнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы. Але яны будуць карысныя тым, хто зацікаўлены ў супрацы з Польшчай у сферы бізнэсу, культурнага абмену, альбо тым, у каго ёсць родныя ў Польшчы".

Што тычыцца працэдуры выдачы візаў, яна хутчэй за ўсё стане больш складанай. Ужо цяпер вядома, што з 1 лістапада неабходна будзе асабістая прысутнасць у амбасадзе кожнага, хто захоча атрымаць візу ў Польшчу. Моніка Садкоўская кажа, што гэта звязана з уступленнем Польшчы ў Шэнген:

“Таму што ў праграме Шэнгену прадугледжана індывідуальная размова з консулам, а таксама абавязкова трэба будзе мець медыцынскую страхоўку, пацвердзіць наяўнасць грашовых сродкаў. І вельмі ўважліва трэба будзе запаўняць анкету, каб усё было правільна”.

Пры гэтым прэс-сакратар амбасады Польшчы зазначыла, што палёгкі ў працэдуры выдачы візаў магчымыя для жыхароў памежнай зоны.

Моніка Садкоўская: “Мне цяпер цяжка гаварыць. Гэтыя пытанні будуць вырашацца ў будучым, але, магчыма, будзе нейкае асобнае пагадненне, якое будзе тычыцца памежнай зоны. Хутчэй за ўсё будзе ісці праца па распрацоўцы такога пагаднення, якое б прадугледжвала спрошчанае перасячэнне мяжы для жыхароў памежнай зоны”.

Застаецца невядомым, ці будуць візы, выдадзеныя Польшчай, Латвіяй і Літвой, утрымліваць у сабе нейкія нацыянальныя асаблівасці. Да прыкладу, была інфармацыя пра тое, што 70% тэрміну дзеяння латвійскай шэнгенскай візы трэба будзе правесці на тэрыторыі Латвіі, але гэта інфармацыя пакуль не пацвердзілася.

У польскай амбасадзе таксама не могуць адказаць пра нацыянальныя асаблівасці візы. Гэтыя пытанні яшчэ вырашаюцца.

Моніка Садкоўская: "Мне пакуль цяжка адказаць, я думаю, што бліжэй да тэрміну нашага ўступлення ў Шэнген, можа нават да 1 лістапада, калі мы пачнем працаваць па Шэнгенскіх правілах, будзе нейкая дадатковая інфармацыя з нашых консульскіх устаноў ці з амбасады наконт гэтых новаўвядзенняў, але пакуль пра гэта гаварыць рана".

Цікава што паветраную мяжу для краінаў, якія толькі ўступяць у Шэнген, плануецца адкрыць толькі у сакавіку 2008 года. Як у сувязі з гэтым будзе выглядаць перасячэнне мяжы па паветры? Па якой візе яно будзе адбывацца? Гэтае і іншыя пытанні пакуль застаюцца без адказу.

У амбасадах Літвы, Латвіі і Чэхіі просяць трошкі пачакаць. Еўрарадыё будзе працягваць сачыць за далучэннем нашых суседзяў да Шэнгенскага пагаднення. Як толькі стануць вядомыя нейкія іншыя акалічнасці, мы пра іх адразу ж паведамім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі