Ці вырастуць кошты з-за магчымага павышэння падатку на дадатковую вартасць
Эканаміст супакойвае, а прадпрымальнік чакае росту коштаў на ўсё.
У Беларусі, магчыма, ужо ў 2014 годзе ПДВ можа вырасці з 20% да 22% (падатак на дадатковую вартасць — гэта частка кошту тавараў, грошы з якой ідуць у бюджэт і якую аплачвае пакупнік).
Эканаміст Леанід Злотнікаў Еўрарадыё супакойвае: ён звяртае ўвагу на паралельнае зніжэнне падаткаў на прыбытак — з 18% да 12%:
“Гэта такая замена, якая не моцна падвышае кошты, бо адно вышэй, другое ніжэй. Гэта як бы спосаб папярэдзіць бюджэт ад памяншэння паступленняў, чым падвышэнне коштаў”.
Пры гэтым эканаміст прызнае, што рост коштаў можа быць, але нязначны і ў тым выпадку, калі прадпрыемства і да гэтага было беспрыбытковым.
Аднак, на думку лідара грамадскай арганізацыі “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, рост коштаў непазбежны. Калі ўслед за падвышэннем ПДВ зменіцца адзіны падатак, што сплачваюць большасць іпэшнікаў, можна чакаць росту на ўсё!
“Прадпрымальнікі з-за павелічэння выдаткаў будуць ці скарачаць прыбытак, ці падвышаць кошты. І той і гэты варыянты пройгрышны, бо падвышаць кошты ўжо няма куды, а скарачаць прыбытак нельга з-за высокай арэнды і іншых плацяжоў”, — кажа Анатоль Шумчанка.
Для іпэшнікаў падвышэнне ставак — вельмі трывожны званочак: немагчыма планаваць бізнэс, калі “дзяржава падвышае і падвышае падаткі”.
“Дзяржава хоча выняць грашовую масу, якая сабралася ў насельніцтва, каб неяк стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў дзяржаве”, — разважае Шумчанка.
На прадпрыемствах хоць пра змяненне ПДВ чулі, але прагназаваць працэнты падвышэння не бяруцца. Тут упэўнены, што расці кошты будуць. Пытанне толькі — на колькі?
“Безумоўна, адаб'ецца на попыце. А вы ж ведаеце, што ў нас попыт на алкагольную прадукцыю і так падае. Але ж гэта не толькі на віно, мы ж і іншую прадукцыю вырабляем. Той жа крухмал таксама падаражэе”, — асцярожна кажуць мне ў планава-эканамічным аддзеле Талачынскага вінна-гарэлкавага завода.
Дарэчы, падатак на дадатковую вартасць у Беларусі зараз складае 20%, ва Украіне з наступнага года ПДВ зменшыцца — з 1 студзеня будзе роўны 17%, а ў Расіі стаўка падатку на дадатковую вартасць на тавары і паслугі складае 18%.