Ціханоўская: затрыманнем лекара рэжым прызнае, што Бандарэнка не быў п'яны
Святлана Ціханоўская пракаментавала сітуацыю з затрыманнем лекара мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі. У чацвер Генпракуратура Беларусі паведаміла пра распачатую ў дачыненні яго крымінальную справу за перадачу звестак пра вынікі медагляду Рамана Бандарэнкі (артыкул — "Разгалошванне медычнай таямніцы"). Сцвярджаецца, што інфармацыя была недакладнай. Як вядома, 13 лістапада Следчы камітэт заявіў, што ў Бандарэнкі была "алкагольная інтаксікацыя". Неўзабаве пасля гэтага ў тэлеграм-канале "Белыя халаты" з'явіўся дыягназ, дзе напісана: "Этанол крыві 0%".
"Пасля забойства Рамана Бандарэнка рэжым спрабаваў пераканаць нас, што Раман быў п’яны, — але ніхто не паверыў, — піша Ціханоўская. — Цяпер рэжым пайшоў далей — і завёў справу на лекара, дзякуючы якому ўсе ўбачылі выпіску аб стане Рамана. Рэжым кажа, што гэта "раскрыццё лекарскай таямніцы". Але тым самым ён прызнае, што гісторыя пра алкагольнае ап’яненне — хлусня".
"Дзень за днём яны заганяюць сябе ў пастку, бо, каб схаваць хлусню, трэба прыдумаць яшчэ адну, — працягвае Святлана Ціханоўская. — ...Учора яны захапілі тэлеграм-канал медыкаў "Белыя халаты", а сёння затрымалі студэнта, якога назвалі яго адміністратарам".
І ўсё гэтыя высілкі ўлады, на яе погляд, зводзяцца толькі да таго, каб "працягнуць існаванне рэжыму яшчэ на дзень".
Раман Бандарэнка пасля затрымання на "Плошчы перамен" у Мінску трапіў у бальніцу з Цэнтральнага РУУС. Ён памёр. Справа Бандарэнкі набыла міжнародны розгалас. Развітанне з Раманам пройдзе ў сталіцы 20 лістапада.
Маці Рамана Бандарэнкі паказала яго аналізы на алкаголь — нуль праміле ФОТАФАКТ https://t.co/vcEB8s9Sc3 pic.twitter.com/NNtiiZ96gq
— Наша Ніва (@nashaniva) November 19, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.