Ціхановіч ратуецца ад грыпу малітвай, а Ярмошына адсылае работнікаў дадому

Супраць грыпу Ціхановіч прапануе не зважаючы ні на што ўжываць часнык і маліцца; Ярмошына адпраўляе на бальнічны ўсіх супрацоўнікаў з сімптомамі, а Міхалок працягвае выступаць з тэмпературай, нават калі ляжыць снег. Еўрарадыё зрабіла падборку рэцэптаў ад вядомых беларусаў, якія трапляюць у “групу рызыкі”: палітыкі, спартоўцы і музыкі. Напрыканцы мінулага тыдня Еўрарадыё паведаміла пра смаленскіх падлеткаў-футбалістаў, якія пасля турніру ў Магілёве вярнуліся дадому з дыягназам “свіны грып”. Больш хворых пасля спаборніцтва, на шчасце, не выяўлена. Міхал Яўгенавіч, прадстаўнік юнацкай каманды БАТЭ, які курыраваў футбольны турнір, у сітуацыі з эпідэміяй грыпу ў краіне раіць наогул не праводзіць спаборніцтвы:

Міхал Яўгенавіч: “Мне падаецца, што неабходна крыху пачакаць з арганізацыяй нейкіх турніраў. Калі ладзяцца нейкія спаборніцтвы, іх было б варта праводзіць не ў горадзе, а на якіх-небудзь спартовых базах — каб абмежаваць кантакты дзяцей з людзьмі. Тады будзе прасцей неяк стрымаць распаўсюд вірусаў”.

Днямі на афіцыйным сайце гурта “Ляпіс Трубяцкі” з’явілася інфармацыя, што сусветная эпідэмія вірусу A/H1N1 ніяк не звязаная з хваробай і тэмпературай Сяргея Міхалка. Аднак канцэрт у Кіеве праз пару дзён усё ж такі быў перанесены. Яўген Калмыкоў, прадзюсер “Ляпісаў”, распавёў Еўрарадыё, што пры такой прафесіі, як музыка, вельмі цяжка абмежаваць кантакты з людзьмі. Таму галоўнымі сродкамі прафілактыкі назваў аксалінавую мазь ды імкненне чалавека да здаровага ладу жыцця:

Калмыкоў: “Вось нядаўна гурт выступаў у Кіраве. Дык там снег ляжаў, а Сяргей усё роўна скакаў па сцэне з тэмпературай! У музыкаў насамрэч такі графік працы і жыцця, што няма часу на “пахварэць” ды да доктара зайсці. Элементарныя меры перасцярогі, канечне, выконваюцца: насы музыкі перманентна мажуць. А Міхалок, напрыклад, дык наогул адмовіўся ехаць у Мінск і збіраецца зараз у басейн пайсці. Дзіўны ён, канечне…”

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына гэтаксама раіць усім рабіць зарадку зранку ды піць вітаміны. А вось у “народныя” сродкі накшталт часныку ды цыбулі не верыць, бо яны замінаюць не толькі працаваць, але нават спаць:

Ярмошына: “Па-першае, я сёння зрабіла сабе прышчэпку — гэта самае эфектыўнае, мне падаецца. Па-другое, трэба весці здаровы лад жыцця і рыхтаваць самога сябе яшчэ да пачатку эпідэміі: гуляць на свежым паветры, рабіць зарадку, плаваць і, канечне, ужываць вітаміны. А цыбуля і часнык — гэта немагчыма для грамадскіх людзей. Таму што з раніцы з’ясі часныку — а як потым цэлы дзень з людзьмі размаўляць? Ды і, шчыра кажучы, ноччу не вельмі прыемна спаць з такімі пахамі”.

А вось Аляксандр Ціхановіч, наадварот, больш за ўсе сродкі абароны ад вірусаў паважае як раз-такі часнык ды цыбулю. А яшчэ раіць не забывацца на лекі ды … Бога:

Ціхановіч: “Аксалінавая мазь — вельмі добрая рэч. Трэба не ленавацца і тры разы на дзень закладваць сабе у нос. Я яшчэ раю ўсім "Інтэрферон" — таксама файныя кроплі ў нос. І, безумоўна, часнык у вялікіх колькасцях. Нават нягледзячы на тое, што вакол людзі і не заўжды гэта зручна. Зараз эпідэмія грыпу, і ўсе павінны разумець. І самае галоўнае — гэта малітва. Трэба заўжды маліцца і прасіць Бога дапамагчы і ўберагчы ад грыпу”.

Сяргей Цурганаў, генеральны дырэктар клуба “Белая Вежа”, лічыць, што ў месцах, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей, наогул цяжка неяк абараніцца ад вірусаў. Таму і раіць карыстацца марлевымі павязкамі тым, хто вымушаны працаваць з вялікай колькасцю людзей:

Цурганаў: “Ведаеце, сёння вельмі дорага хварэць. Таму нічога страшнага ў тым, каб апрануць на сябе марлевую павязку, я не бачу. Вось на гэтыя выходныя мы ладзілі “Hаlloween” у клубе: дык у нас было каля 1500 чалавек. Канечне ж, там былі і хворыя, і з вірусамі, і з тэмпературай — ўсе былі. Дык калі нешта дапамагае — трэба гэтым карыстацца”.

Аднак самую прыемную параду для Еўрарадыё агучыла, напэўна, Лідзія Ярмошына. Як кажуць, яе б словы, ды ўсім начальнікам у вушы:

Ярмошына: “Калі прыходзяць супрацоўнікі і я бачу нейкія ў іх сімптомы хваробы — я адразу ж адпраўляю на бальнічны. Я лічу, што заразу разносіць нельга!”

Колькі людзей — столькі поглядаў. Нават на барацьбу з эпідэміяй грыпу. Таму Еўрарадыё раіць нікому не пужацца нейкіх пандэмій і ўжываць тыя сродкі барацьбы з вірусамі, якія дапамагаюць вам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі