Ціханоўская пракаментавала рашэнне Літвы пра 910 небяспечных беларусаў

Святлана Ціханоўская / Светлана Тихановская / прэс-служба палітыка

Святлана Ціханоўская / прэс-служба палітыка

Святлана Ціханоўская не выключае, што беларускі рэжым можа засылаць агентаў у суседнія краіны. Але важна, каб беларусы пры небяспецы маглі знайсці прытулак у Еўропе. Так яна пракаментавала інфармацыю органаў Літвы, якія прызналі 910 беларусаў пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны.

"Я разумею, што дзеянні Літвы прадыктаваныя нацыянальнымі інтарэсамі і бяспекай. Рэжым Лукашэнкі нясе прамую пагрозу нашым суседзям, і мы гэта паўтаралі з 2020 года. Нельга выключаць, што рэжым можа мэтанакіравана засылаць сваіх людзей у гэтыя краіны", — перадае словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

Пры гэтым палітык падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы Беларусі мусяць "не дапусціць нападу на невінаватых людзей, не звязаных з рэжымам".

Па словах Ціханоўскай, беларускія дэмсілы кантактуюць з літоўскімі ўладамі па гэтым пытанні. "Абсалютная большасць беларусаў не падтрымліваюць злачынную вайну Расіі супраць Украіны і працягваюць дапамагаць Украіне, многія змагаюцца з дыктатурай у падполлі", — адзначыла яна.

Як распавядала Еўрарадыё, Літва прызнала пагрозай нацыянальнай бяспецы 910 беларусаў. Гэта стала вынікам анкетавання, якое ўвялі ў краіне ў лістападзе 2022 года для грамадзян Беларусі і Расіі. У анкеце неабходна абазначыць сваё стаўленне да расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Таксама паведамлялася, што 337 беларусаў атрымалі адмовы ў выдачы дазволу на часовае пражыванне, 121 — у падаўжэнні такога дакумента. У 205 беларусаў анулявалі раней выдадзеныя ВНЖ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі