ЦВК перастрахоўваецца, забараняючы на БТ выступаць давераным асобам?

Цэнтрвыбаркам перастрахоўваецца, забараняючы выступаць па тэлебачанні і радыё давераным асобам кандыдатаў у прэзідэнты. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН эксперт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер.

Фармальна ў выбарчым заканадаўстве няма прамой забароны на выступленне ў эфіры замест кандыдатаў у прэзідэнты іх давераных асоб, але няма і канкрэтнага ўказання на яго магчымасць, распавёў Альфер.

Эксперт лічыць, што Цэнтрвыбаркам мог бы дазволіць выступленне па тэлебачанні і радыё давераных асоб, бо яны маюць права поўнасцю выконваць функцыі кандыдата ў прэзідэнты, у тым ліку і прадстаўляць іх.

Аднак, юрыст Юрый Чавусаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве" распавёў, што ў дадзенай сітуацыі выбарчы кодэкс дазваляе выступаць толькі самаму кандыдату. Па яго словах, выступ даверанай асобы магчымы толькі падчас дэбатаў.

Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў збіраўся даць магчымасць выступіць замест сябе па тэлебачанні сваёй даверанай асобе Аляксандру Мілінкевічу. Аднак у ЦВК патлумачылі, што ў адпаведнасці з патрабаваннем выбарчага заканадаўства выступіць можа толькі сам кандыдат у прэзідэнты.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі