"Дата генератар": 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР

"Дата генератар": 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР

Я не буду сёння расказваць пра падзеі, якія прывялі да вайны. Гэта асобная вялікая тэма. І не збіраюся выкрываць міфы, звязаныя з вайной. Гэта таксама асобная вялікая тэма. Скажу пра галоўныя падзеі лета 1941 года ў Беларусі.

Першае і самае галоўнае — разгром Чырвонай Арміі, нібыта "непераможнай".

Немцы з'явіліся на ўскраінах Мінска ўжо ўвечары 27 чэрвеня, а 28-га занялі Бабруйск. Да раніцы 9 ліпеня 1941 года (на 18-ы дзень вайны) германскія войскі цалкам занялі 7 абласцей БССР з 10: Беластоцкую, Брэсцкую, Баранавіцкую, Пінскую, Вілейскую, Мінскую, Палескую, а таксама большасць раёнаў трох апошніх абласцей — Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай.

26 ліпеня 2-я танкавая група генерала Гайнца Гудэрыяна захапіла Магілёў, а 28 ліпеня немцы выбілі часці РСЧА са Смаленска. Усю тэрыторыю БССР немцы акупавалі за 35 сутак.

Адлегласць ад Беластока да Смаленска па дарозе — 670 кіламетраў. Нямецкія войскі прайшлі яе з сярэдняй хуткасцю 18 км за суткі. Калі ўлічыць, што ў 1941 годзе асноўную масу войскаў цэнтральнай групы вермахта складалі пяхотныя часці і што час ад часу яны спыняліся для адпачынку, тэмп наступу быў вельмі высокі!

Чырвоная Армія, якую ў 30-я гады савецкая прапаганда цалкам сур'ёзна называла "непераможнай", бегла ад ворага і натоўпамі здавалася ў палон. Пазней немцы так успаміналі пра чэрвень і ліпень 41-га: "Наперадзе няма ворага, ззаду няма тылу" (абозы не паспявалі за часцямі вермахта, якія імкліва прасоўваліся і амаль не сустракалі супраціву). Выпадкі зацятага супраціву войскаў РСЧА ў тыя дні былі рэдкімі і беспаспяховымі.

У акружэнне трапіла больш за палову войскаў Беларускай ваеннай акругі, якая з 22 чэрвеня ператварылася ў Заходні фронт. Нагадаю, што з чэрвеня да снежня 1941 года немцам здаліся звыш 2,5 мільёна байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, з іх каля 350 тысяч — у Беларусі! Камандуючага фронтам генерала Дзмітрыя Паўлава знялі з пасады, адклікалі ў Маскву і 22 ліпеня расстралялі разам з іншымі найвышэйшымі начальнікамі фронту, зваліўшы на іх усю віну за страшнае паражэнне.

Частку тэрыторыі БССР на паўночным захадзе немцы ўключылі ў склад Генеральнага камісарыята Літва, а шырокую паласу на поўдні, ад заходняй мяжы да ўсходняй, — у склад Генеральнага камісарыята Украіна (у суме гэта чвэрць тэрыторыі БССР). На асноўнай жа частцы даваеннай рэспублікі акупанты стварылі новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне пад назвай Генеральны камісарыят Беларусь (Weissruthenia).

Яго з 1 верасня 1941 года ўзначаліў Вільгельм Кубэ, буйны дзеяч нацысцкай партыі (гаўляйтар, г. зн. кіраўнік партыйных арганізацый вялікага рэгіёна), у мінулым тэатральны акцёр і журналіст. Яго апарат складаўся з 5 галоўных аддзелаў: 1) палітыкі, 2) кіравання, 3) гаспадаркі, 4) тэхнікі, 5) працы. У кожным былі пададдзелы.

Ва ўмовах акупацыі жыхары Беларусі пражылі 36 месяцаў: з чэрвеня — жніўня 1941 года да чэрвеня — жніўня 1944 года.

Людзі чакалі пачатку вайны, многія грамадзяне чакалі немцаў як вызваліцеляў. Дзе-нідзе іх сустракалі з кветкамі, хлебам і соллю. Але чарговы раз народы нашай краіны — беларусы, палякі, украінцы, літоўцы, яўрэі і іншыя — аказаліся паміж двума жорнамі.

Камуністы знішчалі альбо ператваралі ў рабоў, якія працуюць за мізэрны паёк (калгаснікаў альбо зняволеных), велізарныя масы людзей, якіх яны лічылі прыналежнымі да "варожых" або да "дробнабуржуазных" класаў". А нацысты знішчалі альбо ператваралі ў рабоў велізарныя масы людзей, якія належалі да рас, якія яны лічылі "непаўнавартаснымі" альбо такімі, якія "цалкам вырадзіліся".

Таму вайна і рэжым акупацыі прынеслі жыхарам Беларусі новыя пакуты, нягоды і ахвяры. А летам 1944-га сюды вярнуліся сталінскія апрычнікі і начальнікі-самадуры і неадкладна разгарнулі новую кампанію рэпрэсій. Дарэчы кажучы, у анкеты ўсіх відаў была ўведзена графа "ці быў грамадзянін у акупацыі". Калі быў, хай у дашкольным узросце, хай нават немаўлём, то гэты чалавек аўтаматычна трапляў у катэгорыю нядобранадзейных. Графа існавала амаль да самага канца 1955 года…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі