Пракуратура заявіла, што ў школах у дзяцей слаба фармуецца "патрыятычны настрой"
Нешматлікія ўдзельнікі "ваенна-патрыятычнага клуба "Патрыёт" прыйшлі павіншаваць міліцыянераў у Бешанковічах
Пракуратура Віцебскай вобласці правяла праверку арганізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі "грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання непаўналетніх" і выявіла "парушэнні". Сцвярджаецца, што праца педагогамі "арганізавана не ў дастатковай ступені". Больш таго, былі "выяўлены факты фармальнага падыходу кіраўнікоў да планавання на навучальны год мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў вучняў патрыятычнага настрою, пры гэтым запланаваныя мерапрыемствы не выконваюцца". А яшчэ пракуратуру абурае, што ў мерапрыемствах часцяком удзельнічаюць адны і тыя ж навучэнцы. А як жа "патрыятычны настрой" у іншых вучняў?
Пракуратура зрабіла заўвагу і на конт таго, што не заўсёды на мерапрыемствы запрашаюць ратавальнікаў, міліцыянераў і вайскоўцаў, "а таксама ветэранаў баявых дзеянняў і прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў". Дасталося кіраўнікам аддзелаў па адукацыі і ўстаноў адукацыі, бо яны "аслабілі кантроль за дзейнасцю кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні". Агулам "парушэнні" выявілі ў 63 з 117 правераных устаноў адукацыі (у амаль 54%). Відаць, шмат іх было ў Віцебску, бо цэлы спіс ад пракуратуры атрымаў старшыня гарвыканкама, і да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 5 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.