Дэпутат Алена Анісім напісала ліст генпракурору пра збіццё Алеся Лагвінца
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім напісала ліст генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку пра затрыманне і збіццё 23 сакавіка ў Маскоўскім раёне Мінска палітолага і грамадскага дзеяча Алеся Лагвінца. "Падчас затрымання яго моцна збівалі, у выніку чаго былі нанесены шматлікія пашкоджанні, што запатрабавала неабходнасць выкліку хуткай дапамогі непасрэдна ў будынак суда", — піша Анісім.
Дадамо, што ў Лагвінца быў зламаны нос, у яго страсенне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. З суда яго завезлі ў бальніцу, дзе ён знаходзіцца пад вартай міліцыянераў.
"У сувязі з гэтым фактам неапраўданага прымянення фізічнай сілы, бо затрыманы не аказваў супраціўлення, прашу Вас неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў адносінах да дзеянняў асоб, якія праводзілі затрыманне Алеся Лагвінца, — піша Алена Анісім. — На маю думку, такія дзеянні падлягаюць прыцягненню не проста да адміністрацыйнай, але крымінальнай адказнасці".