Дэпутат Гайдукевіч і прапагандыст Гусачэнка хацелі зняць санкцыі ЕС
Сяргей Гайдукевіч / Еўрарадыё
Яшчэ два прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі спрабавалі праз Еўрапейскі суд зняць санкцыі ЕС. Як піша reform.by, з такім пазовам звярнуліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, лідар ЛДП Алег Гайдукевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка.
24 траўня Еўрапейскі суд адхіліў іх пазовы і пастанавіў, што яны павінныя аплаціць судовыя выдаткі.
Раней, як распавядала Еўрарадыё, такое ж рашэнне было прынята ў дачыненні да дэпутатаў Святланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка.
Як і яны, Гайдукевіч і Гусачэнка заяўлялі, быццам санкцыі маюць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып сувымернасці. Гайдукевіч заяўляў, што выказваў свой асабісты пункт гледжання ў якасці дэпутата, а Гусачэнка раптам узгадаў пра свабоду выказвання меркавання. Абодва яны трапілі пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года.
Суд вырашыў, што санкцыі былі ўведзеныя справядліва: Гайдукевіч па сутнасці з'яўляецца прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае медыя.
Дарэчы, пазовы на зняццё санкцый падалі яшчэ некалькі прадстаўнікоў Беларусі, якія трапілі ў "чорны спіс ЕС" у чэрвені 2021-га. Гэта Аляксандр Бахановіч (на момант увядзення санкцый быў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта), Сяргей Рубніковіч (рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта) і Сяргей Скрыба (прарэктар па выхаваўчай рабоце БДЭУ).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.