Дэпутаты разгледзяць змены ў выбарчае заканадаўства пасля 30 лістапада

У Палату прадстаўнікоў паступіў законапраект аб унясенні дадаткаў і змен выбарчае заканадаўства. Як паведаміў Еўрарадыё намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, праект плануецца разгледзець на наступным тыдні.
Мікалай Лазавік: "Закон паступіў у парламент сёння альбо ўчора. Наколькі я ведаю, яго плануецца разгледзець на наступным тыдні, пасля 30 лістапада".

Як нагадвае БелаПАН, 10 лістапада на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі былі абвешчаныя магчымыя новаўвядзенні.

Па-першае, прапаноўваецца фармаваць выбарчыя камісіі (акрамя Цэнтравыбаркаму) так, каб не меней траціны іх чальцоў былі прадстаўнікамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Па-другое, прапаноўваецца спрасціць вылучэнне і рэгістрацыю кандыдатаў, у тым ліку дазволіць палітычным партыям вылучаць сваіх кандыдатаў ва ўсіх выбарчых акругах незалежна ад таго, ёсць там іх структуры або няма.

Па-трэцяе, плануецца даць кандыдатам права праводзіць масавыя мерапрыемствы па перадвыбарнай агітацыі ў апавяшчальным парадку ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, а таксама магчымасць ажыццяўляць сумесную агітацыю.

Па-чацвёртае, плануецца дазволіць стварэнне індывідуальных выбарчых фондаў, забяспечыўшы цвёрды кантроль за іх фармаваннем і выдаткоўваннем сродкаў.

Па-пятае, прапаноўваецца выключыць парог яўкі выбарцаў, неабходны для прызнання выбараў у мясцовыя саветы адбытымі.

Акрамя таго, прапаноўваецца пашырыць правы назіральнікаў, даўшы ім магчымасць аглядаць працэдуру падліку галасоў.

Плануецца, што змены ў выбарчае заканадаўства будуць разгледжаныя дзвюма палатамі парламента да канца сесій, якія закрыюцца ў другой палове снежня. Такім чынам, палажэнні дакумента, з улікам яго падпісання прэзідэнтам, будуць выкарыстаныя пры правядзенні мясцовых выбараў увесну 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі