Для Брэста ствараюць унікальны атлас рэдкіх жывёлаў і раслін
Ініцыятыва належыць мясцовай філіі "Аховы птушак Бацькаўшчыны".
Распрацоўка гарадской мапы флоры і фаўны адбываецца ў межах кампаніі "Ахова прыроды і экалагічная адукацыя ў гарадскім асяроддзі”. Вось як тлумачыць неабходнасць атласа для Брэста актывіст "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Дзяніс Табуноў:
"Паколькі зараз ідзе актыўная забудова горада, то шмат якія тэрыторыі з пункту гледжання аховы наваколля знаходзяцца пад пагрозай. Магчыма, людзі, павысіўшы свой узровень ведаў пра прыроду, прымуць рашэнне, што варта захаваць гэтыя месцы ў рысе горада".
Па словах Дзяніса Табунова, актывісты таксама спадзяюцца на дапамогу гараджан. Людзям, якія ведаюць месцы знаходжання рэдкіх жывёлаў і раслін у межах горада, прапануюць паведамляць аб гэтым на сайт birdwatch.by. Збор інфармацыі будзе праходзіць да кастрычніка.
Чакаецца, што атлас надрукуюць бліжэйшай зімой.