Доказаў размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі няма — SIPRI
Ракетны комплекс "Іскандэр-М", ілюстрацыйнае фота
"Пераканаўчых візуальных доказаў фактычнага размяшчэння" расійскіх ядзерных боегаловак у Беларусі не выяўлена. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).
Раней, у ліпені 2023-га, Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што расійская ядзерная зброя ўжо размешчаная ў Беларусі. Пасля гэтага ў СМІ з'яўляліся версіі, дзе канкрэтна яна можа быць — напрыклад, The New York Times публікавала версію пра Асіповіцкі раён Магілёўшчыны.
На пачатку траўня 2024-га ў Беларусі прайшла раптоўная праверка "сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі". А пазней Беларусь далучылася да расійскіх вайсковых вучэнняў па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі.
У сёлетні дакладзе SIPRI таксама гаворыцца, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022-га знізілася "празрыстасць у дачыненні да ядзерных сіл у Расіі і ЗША". Як падлічылі эксперты інстытута, на пачатак 2024 года ў Расіі было разгорнута на 36 ядзерных боегаловак больш, чым за год да таго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.