Домрачава: Мы — патрыёты, таму нам складана змяніць грамадзянства
Знакамітая беларуская біятланістка Дар’я Домрачава пацвердзіла, што яе муж Уле Эйнар Б'ёрндален мог выступіць на Алімпіядзе ў Пхёнчхане за Беларусь. “Для балельшчыкаў Беларусі гэта было б выдатна, — цытуе словы Домрачавай сайт sport.ru. — Яны заўсёды падтрымліваюць Уле Эйнара, ён легенда ў спорце. Калі б ён выступаў пад беларускім сцягам, гэта была б фантастыка. Беларускія балельшчыкі былі б на сёмым небе ад шчасця”.
Паводле слоў Домрачавай, такая магчымасць сапраўды была і Б’ёрндален “вельмі хацеў выступаць”. Відаць, гэта быў яго першапачатковы эмацыйны парыў, але пасля ён усё абдумаў і вырашыў інакш.
“Мы разам разважалі над гэтым пытаннем, разглядалі ўсе варыянты, — працягвае Дар’я Домрачава. — І прынялі рашэнне, што ён застанецца нарвежцам назаўсёды. Мы, дзейныя спартсмены, вельмі хочам спаборнічаць, але мы найперш патрыёты, таму нам складана змяніць грамадзянства”.
Як інфармавала Еўрарадыё, днямі ў нарвежскіх СМІ з’явілася публікацыя пра тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны саюз біятланістаў маглі адмяніць каранцін і дазволіць Б’ёрндалену выступіць на Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі пад беларускім сцягам. “Не думаю, што гэта было б правільна… Я правёў так шмат выдатных спаборніцтваў за Нарвегію, так што гэта было б няправільна”, — сказаў спартсмен. Як вядома, 44-гадовага Уле Эйнара Б’ёрндалена сёлета не ўключылі ў склад нарвежскай алімпійскай зборнай. Тады ён паехаў у Пхёнчхан разам з беларусамі, але не выступаў — адкатваў лыжы для іншых, дапамагаў сваёй жонцы.