Домрачава заваявала "срэбра" на этапе Кубка свету
У нарвежскім Халменколене працягваецца этап Кубка свету па біятлоне. Нашая суайчынніца Дар'я Домрачава стала другой у гонцы пераследу на 10 км.
На чатырох агнявых рубяжах беларуска дапусціла пяць прамашак. Яна паказала другі вынік і саступіла пераможцы славачцы Анастасіі Кузьміной 23,1 секунды. На трэцім месцы апынулася немка Андрэа Хенкель, адзначае "Прессбол".
Для Домрачавай гэта ўжо трэцяе прызавое месца ў сезоне.
Што датычыць іншых беларускіх спартовак, то Надзея Скардына заняла 29-е месца, Настасся Дубарэзава — 54-е. Агулам на старт выйшлі 57 удзельніц.