Дунаеў: Размеркаванне і свабода студсаюзаў — праблема для Балонскага працэсу
Два гады таму Беларусь прынялі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі — Балонскі працэс. Тады ж эксперты прапанавалі “дарожную мапу”, каб наша краіна адпавядала неабходным патрабаванням. Але выканаць гэтыя патрабаванні за два гады не змаглі.
Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў сябра Грамадскага балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.
Уладзімір Дунаеў: “Дарожная мапа была разлічаная на тры гады. Даваць справаздачу перад міністэрскім самітам у Парыжы трэба ўжо праз год. У нас часу амаль не засталося. Сёння мы маем толькі праект дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі. Ён яшчэ не прыняты”.
Асноўныя праблемы для Балонскага працэсу, на думу Дунаева, — гэта працэдура размеркавання пасля ВНУ, а таксама рэгістрацыя студэнцкіх аб’яднанняў. Незалежнае аб’яднанне для студэнтаў зарэгістраваць вельмі складана, а размеркаванне проста не выконвае сваёй місіі: замест дэфіцыту кадраў цяпер існуе дэфіцыт вакансій.