Дырэктар Total: Праз 15 гадоў знікне палова сусветнай нафтавай вытворчасці

АПЕК не будзе спыняць падзенне цэнаў на нафту, нягледзячы на папярэджанні буйных энергетычных кампаній пра тое, што гэта можа прывесці да вялізнага дэфіцыту чорнага золата.

На форуме ў Давосе кіраўнік італьянскай энергетычнай кампаніі Eni Spa Клаўдыа Дэскальці заявіў, што калі АПЕК не будзе рабіць крокі, накіраваныя на стабілізацыю цэнаў нафты, у найбліжэйшыя некалькі гадоў яны змогуць падскочыць да 200 долараў за барэль.

“Што нам трэба, дык гэта стабільнасць… АПЕК як нафтавы Цэнтрабанк мусіць стабілізаваць нафтавыя цэны, каб мець магчымасць інвеставаць у звычайным парадку”, — заявіў ён Reuters Television.

Кіраўнік кампаніі чакае, што цэны застануцца на такім нізкім узроўні яшчэ 12-18 месяцаў, але потым пачнуць расці. Гэта адбудзецца пасля таго, як ЗША знізіць вытворчасць сваёй сланцавай нафты.

Асцярогі Дэскальці падзяляе выканаўчы кіраўнік галоўнай французскай нафтавай кампаніі Total Патрык Пуан:

“Усе запасы нафты скарачаюцца на пяць працэнтаў за год. Гэта значыць, што да 2030 года больш чым палова сусветнай вытворчасці нафты знікне. Трэба будзе інвеставаць вялікую колькасць грошай, каб атрымліваць 50 мільёнаў барэляў за дзень”. 

Ён таксама дадаў, што ў гэтым годзе Total змяншае выдаткі на 10 працэнтаў за кошт скарачэння інвестыцый у вытворчасць у Паўночным моры і сланцавай нафты ў ЗША.

Такім чынам, Total далучаецца да шэрагу такіх міжнародных нафтавых кампаній, як BP і ConocoPhillips, што скарачаюць свае бюджэты ў 2015 годзе праз нізкія цэны на нафту, адзначае Reuters.

Але АПЕК, і ў прыватнасці Саудаўская Аравія, працягваюць гнуць сваю лінію.

“Калі б мы панізілі цэны ў лістападзе, то мусілі б паніжаць іх зноў і зноў, у той час як краіны, што не з’яўляюцца ўдзельніцамі АПЕК, мусілі б павялічваць вытворчасць”, — распавёў генеральны сакратар АПЕК Абдула аль Бадры. — Усе кажуць нам паніжаць. Але я хачу спытаць вас: мы вырабляем па вышэйшым ці ніжэйшым кошце? Давайце спачатку вырабляць нафту па ніжэйшым кошце, а пасля па вышэйшым”. 

Ён таксама адзначыў, што такая палітыка не была накіраваная супраць Расіі, Ірана ці ЗША. 

Нагадаем, што цэны на нафту ўпалі ніжэй за 50 долараў за барэль, у асноўным праз вялікі лішак прапановы, які ўтварыўся з прычыны павелічэння здабычы сланцавага газу ў ЗША, а таксама запаволення глабальнага попыту. Такое хуткае зніжэнне цэнаў на чорнае золата прывяло да таго, што эканомікі меншых краін-вытворцаў пачало трэсці, а нафтавыя кампаніі цяпер вымушана скарачаюць свае бюджэты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі