Дыягназ: на дзецях беларускіх зорак прырода не адпачывае

Аліса Сапега — вядомая піяністка. Яўген Хаменка — вядучы на TV.  Марыя Забара — кінаактрыса. Стэфанія Анемпадыстава — бас-гітарыстка. Еўрарадыё правяло даследаванне наконт таленту “зорных” дзяцей Віяланчэлістка Юлія Глушыцкая, маці Марыі Ігараўны Забары (успомніце канцэрты “ДетиДетей") не сумнявалася, што яе дачка  будзе іграць на віяланчэлі. Аднак рознабаковы талент Машы не дазваляе дакладна вызначыцца з яе будучыняй, таму Юлія не супраць у выніку атрымаць ад дачкі ў падарунак домік у Швейцарыі:

Юля Глушыцкая: “Яе носіць то ў бок журналістыкі — яна сцэнары піша, дзіцячыя кніжкі, серыялы нейкія, то яна актрыса — знялася ў галоўнай ролі фільма “Навагоднія прыгоды ў ліпені”. Нядаўна яна яшчэ заняла першае месца ў вакальным конкурсе, таму не ўяўляю, што з ёй будзе. Мець дом у Люцэрне, дзе-небудзь у Швейцарыі, які яна мне падарыць, я не супраць. Альбо будзе здымацца ў Галівудзе… Мяне гэта задавальняе”.

Як адзначае Юлія, Маша ганарыцца тым, што яе матуля такая нефармальная.


Маша Забара і ДетиДетей

Другая зорная мама Вераніка Круглова пакуль не аддавала сваю дачку Дамініку-Jo-Jo ў адмысловую творчую ўстанову. Аднак, на думку спявачкі, малая мае добры артыстычны досвед: яна заўсёды прысутнічае на здымках і канцэртах бацькоў, выдатна спявае і рухаецца. Jo-Jo ўваходзіць у склад нямецкай дзіцячай кінаагентуры: 

Вераніка Круглова: “Яна, дарэчы, з задавальненнем пазіруе фатографам, удзельнічае ў фотасесіях. Яе ўзяла нямецкая дзіцячая кінаагентура ў якасці маладой акторкі”.

Вераніка лічыць Jo-Jo ўжо сапраўднай артысткай.

Вераніка Круглова:
“Яна ўжо спявачка і артыстка. Гэта ўжо відавочна. Я, вядома, хачу, каб яна звязала сваё жыццё з творчасцю. Яна жыве ў творчай сям’і, яе бабулі і дзядулі таксама артысты. Якія гены, такія і кракадзілы — гэта ўсё з той серыі.”


Вераніка Круглова і пляменніца Валерыя Валадзько

Сын Піта Паўлава Ян-Вінцэнт трэці год навучаецца ў музычнай школе па класе трамбона. Апроч таго ён атрымлівае навыкі ігры на фартэпіяна, у аркестры і спявае. Сам Піт навучыў сына даволі добра граць на гітары, аднак лічыць, што Яну-Вінцэнту трэба спачатку атрымаць нармальную тэхнічную адукацыю:

Піт Паўлаў: “Я буду намагацца, каб ён не пайшоў адразу па музычнай сцежцы, а паступіў у нейкае тэхнічнае ВНУ, атрымаў нармальную адукацыю, якая прыдасца для любой працы, а потым рабіў выбар”.

Любімымі гуртамі Яна-Вінцэнта з’яўляюцца “AC/DC” і “Metallica”, а вось наконт творчасці бацькі ён выказваецца пакуль сціпла. Бацька давярае музычнаму густу сына.


 Бацька і сын: Піт і Ян-Вінцэнт Паўлавы

Міхал Анемпадыстаў лічыць творчыя прафесіі самымі цікавымі ў свеце і быў бы шчаслівы, каб яго дачка Стэфанія абрала адну з іх:

Міхал Анемпадыстаў:
“Я б выдатна паставіўся! Калі Стэфанія стане вядомай і добрай музыканткай, чаму не?! Гэтаксама, калі б яна стала вядомай і добрай мастачкай, альбо лекарам, ці кім заўгодна! А творчыя прафесіі, на маю думку, самыя цікавыя ў свеце!”

Стэфанія Анемпадыстава нейкі час брала ўрокі ігры на бас-гітары ў Ігара Сацэвіча. Зараз яна грае ў бард-рок гурце “Ківач Фуко”.

Яўген Хаменка, сын Алега Хаменкі, не пайшоў па бацькавай сцежцы: паводле слоў Алега, жонцы надакучылі музыканты і артысты, ёй хацелася нечага  іншага. Яўген вучыцца ў банкаўскім каледжы, а таксама з’яўляецца аўтарам праграмы пра камп’ютарныя гульні “Игры-К”, што выходзіць на 8-м канале. Аднак па сваім унутраным складзе Яўген — гуманітарый, ён захапляецца маляваннем.

Алег Хаменка: “Ён палюбіў маляваць, як некалі я ў дзяцінстве. Я яго не прымушаю, ён гэта сам робіць. Малюе anima, даволі шмат у яго там, можа пад дзвесце малюнкаў”.


Алесь і Ян Сапегі

Дзеці бубнача Apple Tea Аляксандра Сапегі Аліса і Ян — з маленства чыста спявалі і спрабавалі падбіраць адным пальцам на фартэпіяна любімыя мелодыі. Таму ў бацькоў не было ніякіх сумненняў наконт іх прызначэння і месца вучобы.

Аляксандр Сапега: “ Ну, пасля гэтага куды іх — толькі ў музыку! Калі яны спяваюць і падбіраюць на фа-но адным пальцам… Вядома, мы з жонкай вырашылі, што калі музыкай займацца, дык займацца трэба сур’ёзна. Нашы дзеці пачыналі займацца недзе з 4-5-ці гадоў. Мне пашанцавала, што жонка — вельмі добры выкладчык фартэпіяна, таму ўсе мае дзеці пачыналі з фартэпіяна”.


Аліса Сапега

Аліса Сапега заканчвае Беларускую акадэмію музыкі і збіраецца працягваць вучобу ў магістратуры. Яна — вядомая піяністка, яе імя з’яўляецца на афішах класічных канцэртаў.
Яна Сапегу бацька з часам перавёў з фартэпіяна на бубны: хацелася падзяліцца з сынам сакрэтамі сваёй прафесіі. Зараз Ян грае ў гурце “Зялёны перац”. Аляксандр бачыць ў гэтым толькі плюсы:

Аляксандр Сапега: “Я вельмі рады. Таму што колькі не займайся — нічога ў цябе не атрымаецца, калі ты не граеш у ансамблі. Ансамбль выхоўвае асобу чалавека — і музычную, і такую”.

Безумоўна, зорныя дзеці здольныя даць фору сваім бацькам. Ці тое яшчэ будзе!


Кася і Каця Камоцкія

Скрыпач Сяргей Ахрамовіч

дзеці NRM

Філіп Хмель (будучы Джамбібум)

Фота: http://belyklyk.livejournal.com
www.detidetey.com
www.odnoklassniki.ru
www.nestor.minsk.by
www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі