“Дзе нам гуляць з дзецьмі?” Мінчукі супраць двух новых будынкаў Акадэміі МУС
6 красавіка ў Акадэміі МУС праходзіла прэзентацыя праектаў новага навучальнага корпуса і новага інтэрната. У будынак прапускалі ўсіх ахвотных — але пасля агляду патрабавалі здаць тэлефоны і іншыя носьбіты інфармацыі ў камеру захоўвання. Маўляў, рэжымны аб’ект.
У лекцыйнай аўдыторыі сабраўся аншлаг. Прэзентацыю наведалі жыхары ўсіх навакольных дамоў. Людзі незадаволеныя планамі па ўшчыльненні свайго раёна.
Яны кажуць, што будаўніцтва пазбавіць іх апошняга зялёнага дворыка. Больш не будзе дзе гуляць з дзецьмі. А аўтамабілі курсантаў зоймуць і так нешматлікія парковачныя месцы ў двары. І ўвогуле, чаму адміністрацыя Савецкага раёна дбае пра паляпшэнне ўмоваў курсантаў Акадэміі МУС за кошт пагаршэння ўзроўню жыцця жыхароў квартала?
“Столькі курсантаў не трэба будзе!”
Жыхары квартала неаднаразова прапаноўвалі альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва. Напрыклад, тэрыторыю завода “Гарызонт”, які знаходзіцца па суседстве.
Намеснік начальніка Акадэміі МУС Мікалай Шваб адказвае, што курсанты ўвесь час перамяшчаюцца паміж карпусамі і інтэрнатамі, таму яны мусяць змяшчацца кампактна. Людзей гэты адказ не задавальняе: маўляў, студэнты іншых універсітэтаў раз’язджаюць ад інтэрнатаў да вучэбных карпусоў па ўсім Мінску.
Адзін з актывістаў нагадвае: на балансе Акадэміі МУС цяпер дзевяць інтэрнатаў агульнай плошчай амаль 5500 квадратных метраў. Яны знаходзяцца ў розных раёнах: каля старога аэрапорта, у Грушаўцы і побач з Запарожскай плошчай: “Чаму б вам не будаваць новыя карпусы на гэтай тэрыторыі, навошта вам патрэбны менавіта цэнтр горада?”
На гэтае пытанне адказвае першы намеснік начальніка Акадэміі МУС Аляксей Башан. Паводле яго, у найбліжэйшы час установа плануе збудаваць новыя карпусы на ўсіх тэрыторыях, што знаходзяцца на яе балансе, а не толькі па вуліцы Чырвонай.
“Чаму вы не набіраеце столькі курсантаў, колькі дазваляе вашая тэрыторыя?” — працягваецца спрэчка. Мікалай Шваб адзначае: колькасць курсантаў залежыць ад заказу МУС, а ён фармуецца паводле чаканай колькасці месцаў для гарантаванага працаўладкавання выпускнікоў. У адказ на гэта адзін з актывістаў выказвае меркаванне, што ў найбліжэйшы час Акадэміі не тое што не спатрэбіцца пашырэнне набору, а нават наяўныя памяшканні будуць пуставаць. Гэтая гіпотэза выклікае ў жыхароў квартала апладысменты.
Вакол чаго ўвогуле спрэчка?
Галоўны корпус Акадэміі МУС знаходзіцца па адрасе праспект Машэрава, 6. Навокал — яшчэ некалькі карпусоў. Мясцовыя жыхары ўжо гэтыя пабудовы, узведзеныя ў 1960–1970-я, лічаць ушчыльненнем. Цяпер жа Акадэмія плануе пашырыць сваю тэрыторыю яшчэ на два будынкі.
Навучальны корпус для 1200 курсантаў праектуюць на тэрыторыі, якая знаходзіцца ў аператыўным кіраванні Акадэміі МУС. Ён запланаваны бліжэй да дома №8 па праспекце Машэрава. Вышыня новага будынка можа скласці 20 метраў.
А вось шасціпавярховы інтэрнат на 225 жыхароў праектуюць на прысядзібнай тэрыторыі дома №16 па вуліцы Чырвонай. Для гэтага тут збіраюцца знесці двухпавярховыя гаспадарчыя пабудовы і гаражы. На падвальным паверсе мае быць стралковая галерэя, на верхніх паверхах — жылыя блокі.
Паводле Мікалая Шваба, курсантам цяпер бракуе як навучальных аўдыторый (заняткі праходзяць нават увечары), так і сталовай (абед расцягваецца на дзве гадзіны). Будаўніцтва новага інтэрната дазволіць выканаць нарматыў па жылой плошчы: шэсць квадратных метраў на чалавека. Цяпер ён меншы ці не ўдвая.
Акадэмія МУС: замест кожнага дрэва высадзім два новыя
Падчас будаўніцтва інтэрната могуць ссячы восем дрэў, пад вучэбны корпус — яшчэ чатыры. Замест кожнага ссечанага дрэва высадзяць па два саджанцы, абяцае Мікалай Шваб. Ён таксама мяркуе, што вучэбны корпус і інтэрнат не павінны сапсаваць выгляд квартала, бо не будуць бачныя з праспектаў. Нормы інсаляцыі таксама не павінны парушацца, заверылі прадстаўнікі распрацоўшчыка праекта — “Студыі Сакалоўскіх”.
Мясцовыя жыхары не далі веры дакладчыку: яны занепакоеныя, што цяжкая тэхніка будаўнікоў пашкодзіць нават дрэвы, якія пакінуць на тэрыторыі: “Не на верталёце ж яны будуць спускаць матэрыялы!” Таксама шмат каго турбуе перспектыва жыцця на паркоўцы: “Дзе нам гуляць з дзецьмі? Гэта адзіная зялёная зона ў квартале! Вы не ўлічваеце выхлапы машын з праспектаў”.
Яшчэ мясцовыя жыхары баяцца, што новае будаўніцтва знізіць рынкавы кошт жылля. Аляксей Башан адказвае, што сумняецца ў гэтым.
Грамадскае абмеркаванне праекта забудовы ладзіцца да 15 красавіка. Даслаць заўвагі і прапановы можна заказчыку праекта (Акадэміі МУС) і арганізатару грамадскага абмеркавання (адміністрацыі Савецкага раёна), рэквізіты пазначаныя тут. Таксама анлайн можна паглядзець на генеральны план, канцэпт-праект вучэбнага корпуса і канцэпт-праект інтэрната.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.