Цясляр з ЖЭУ стварае дваровыя арт-аб’екты пра герояў казак
Жыхары сталічных раёнаў Уручча, Усход і Зялёны Луг могуць пахваліцца перад суседзямі арыгінальнымі арт-аб’ектамі на дзіцячых пляцоўках у дварах.
Напрыклад, у двары дома №133 па праспекце Незалежнасці ўсталяваны карабель з белымі ветразямі. У двары дома №45 па вуліцы Славінскага пасяліліся Баба Яга на мятле і дрывасек, а на галінах дрэў вісяць шпакоўні. На Каліноўскага, 52 стаяць воз, млын і калодзеж. А на Каліноўскага, 70 можна знайсці хатку на курыных ножках і рэстаран “Коцік”.
Усе гэтыя арт-аб’екты стварыў цясляр Сяргей. Свае першыя працы ён зрабіў 10 гадоў таму, калі працаваў у ЖЭС-7 ва Уруччы.
— Мне тады вельмі дапамог дырэктар. Я пабудаваў карабель у двары, і мне пачалі дапамагаць дарослыя і дзеці: хто дошкі прынясе, хто цвікі, хто грашыма дапаможа.
Адзін з арт-аб’ектаў — домік — Сяргей прысвяціў тым, хто аднаўляў Мінск пасля вайны:
— Мая мама расказвала, як бабуля цягала цэглу: тады яны нічога не баяліся. Мне прынеслі цацачнага коціка, я паставіў яго ў двары. Дзяўчынка папрасіла зрабіць коціку домік, каб ён не мок. Ну я і зрабіў домік. Потым адзін мужык даў мне швейную машынку “Зінгер”, я стварыў з яе лавы. Унутры доміка рубанкі, сякеры…
Сяргей — прафесійны цясляр і сталяр, шмат гадоў працаваў на будоўлях: “Таму я ведаю, што і як бетанаваць, прымацоўваць, усталёўваць”, — адзначае майстар. Цяпер Сяргей працуе у ЖЭУ-2: там яму дазваляюць карыстацца інструментам для стварэння дваровых арт-аб’ектаў, дый дырэктар ухваляе крэатыў.
— Гэта мая справа: калі ёсць натхненне, магу працаваць і па восем-дзесяць гадзін на дзень. Не скажу, што ўсе людзі добрыя, але ёсць вельмі душэўныя. То бабка ад дзеда прынясе палку з цвікамі. То жонка дашле мужа да мяне на дапамогу на цяжкія работы.
Цяпер я ствараю мост з русалкамі, яго ўсталююць ва Уруччы. Там жа буду добраўпарадкоўваць азярко. Хачу стварыць звяроў, павесіць на дрэва ката, русалка на галінах сядзіць – як у Пушкіна, дзе “ля Лукамор'я дуб зялёны”.
Адзін з твораў Сяргея прысвечаны Грунвальдскай бітве і знаходзіцца на дзіцячай пляцоўцы дома №48 па вуліцы Каліноўскага: рыцар са шчытом, мячом і булавой.
— На рыцары шлем з рагамі, а на шчыце напісана: “Шмат стагоддзяў таму я прыйшоў, каб скарыць гэтую зямлю, а тут беларусы звярнулі мне рогі”.
У дарослых у дварах розныя погляды, яны часам спрачаюцца. Але іх дзеці гуляюць усе разам. Гэта вельмі аб’ядноўвае, каб жыць дружна.
На сваіх арт-аб’ектах Сяргей пазначыў свае кантакты, а таксама нумар банкаўскага рахунку, каб прыхільнікі творчасці цесляра маглі данаціць яму на наступныя творы, стварэнне якіх вымагае багата часу і высілкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.