Мінчукі абаранілі двор ад будынкаў Акадэміі МУС: праект адправілі на дапрацоўку

Мінчукі абаранілі двор ад будынкаў Акадэміі МУС: праект адправілі на дапрацоўку

Жыхары сталічнага квартала праспекта Машэрава — вуліцы Чырвонай (непадалёк ад плошчы Перамогі) прымусілі ўлады Мінска адмовіцца (прынамсі, часова) ад ушчыльнення двара двума новымі карпусамі Акадэміі МУС. Праект мусіць быць дапрацаваны з улікам меркавання мясцовых актывістаў.

Акадэмія МУС хоча збудаваць у цэнтры Мінска яшчэ два карпусы: навучальны і інтэрнат. Прэзентацыя праекта прайшла з аншлагам: у залу пускалі ўсіх ахвочых, але на ўваходзе прымушалі здаваць смартфоны ў камеры захоўвання. Жыхары квартала выказаліся супраць ушчыльнення: маўляў, новыя будынкі пазбавяць іх апошняга лапіка зелені, прасторы для адпачынку, дый парковачныя месцы ў двары будуць забітыя ўшчэнт.

За час грамадскага абмеркавання праекта забудовы мінчукі даслалі ў адміністрацыю Савецкага раёна 9 зваротаў, у тым ліку — калектыўны з 242 подпісамі. Савет пры галоўным архітэктары Мінска вырашыў, што прэзентацыя недастаткова інфарматыўныя. Яе неабходна дапрацаваць з улікам заўваг і прапаноў мясцовых жыхароў — дапоўніць інфармацыяй пра параметры інсаляцыі і шчыльнасць забудовы і г. д.

Апроч таго, архітэктурна-горадабудаўнічы савет прапанаваў Акадэміі МУС (заказчыку праекта) і “Студыі Сакалоўскіх” (распрацоўшчыку праекта) разгледзець магчымасць прыбудаваць карпусы да тых, што ўжо існуюць, — замест таго, каб будаваць новыя, якія стаяць асобна.

Мінчукі абаранілі двор ад будынкаў Акадэміі МУС: праект адправілі на дапрацоўку
Патэнцыйны выгляд навучальнага корпуса
Мінчукі абаранілі двор ад будынкаў Акадэміі МУС: праект адправілі на дапрацоўку
Патэнцыйны выгляд інтэрната

Не ўшчыльняйце, а добраўпарадкуйце

Акрамя зваротаў у адміністрацыю Савецкага раёна, мясцовыя жыхары стварылі на сайце “Зручны горад” петыцыю супраць праекта ўшчыльнення двара. Актывісты заклікалі скасаваць планы будаўніцтва і добраўпарадкаваць тэрыторыю квартала.

— Рэалізацыя праекта прывядзе да парушэння элементаў добраўпарадкавання, да недапушчальнага перавышэння шчыльнасці забудовы, будзе адмоўна ўплываць на экалагічныя і санітарна-гігіенічныя ўмовы жыцця жыхароў, тым самым — створыць неспрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці жыхароў квартала. Будзе парушаная асветленасць прыдамавых тэрыторый і жылых дамоў.

Праект аб'екта прадугледжвае ліквідацыю вялікай колькасці дрэў, якія з'яўляюцца лёгкімі квартала. Фактычна будзе знішчаная прыдамавая тэрыторыя квартала. Просім акультурыць дваровыя і міждамавыя тэрыторыі жылога квартала: пашырыць участкі зялёных насаджэнняў, размясціць пляцоўкі для адпачынку, арганізаваць месцы выгулу сабак і прыняць іншыя меры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі