Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Імя Юлі Юхнавец трапіла ў навіны пасля таго, як у судзе над лідарамі прафсаюза РЭП яна прызналася, што супрацоўнічала з КДБ. Таксама яна распавяла, як, працуючы сакратаркай, вазіла праз мяжу з Літвой грошы на выдаткі прафсаюза. Юля фатаграфавала іх і атрымлівала за гэта грошы ад сілавікоў.

Са старонкі Юліі Юхнавец “ВКонтакте” (цяпер ужо выдаленай) Еўрарадыё даведвалася, што яна нарадзілася 17 жніўня 1996 года ў Мінску. Па словах знаёмых, сям'я Юліі не з заможных. Маці працуе ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Звестак пра бацьку знайсці не атрымалася.

У 2011 годзе Юлія паступіла вучыцца на сакратарку ў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі. У гэтай установы добрыя стасункі з прафсаюзам РЭП. Таму менавіта туды кіраўнік прафсаюза Генадзь Фядыніч звярнуўся, калі яму спатрэбіўся сакратар. У каледжы парэкамендавалі Юлію.

 

Частка 1. Каледж

Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Аднагрупнікі дзяўчыны распавядаюць Еўрарадыё, што тады яна была спагадлівай, таварыскай. Але Юлія спыніла камунікацыі з большасцю тых, з кім вучылася.

"Яна была вельмі цікавым чалавекам, любіла фатаграфавацца. На жаль, ужо больш за год з ёй не маю зносіны, — распавядае яе аднагрупніца Лера. — Яна вельмі любіла танчыць. Была таварыскай, чуллівай. Нічога дрэннага сказаць пра яе не магу".

У 2013 годзе Юлія Юхнавец атрымала ў каледжы тытул “Міс Вясна”.

"Я пазнаёмілася з Юляй падчас вучобы ў каледжы. Апошнім разам мы бачыліся мінулым летам, з тых часоў не камунікавалі. Яна мне заўсёды здавалася добрым і чулым чалавекам. Я нічога не ведала пра яе працу ў прафсаюзе. Чаму яна ўвязалася ў гэтую авантуру? Думаю што за прафсаюзамі заўсёды ідзе паляванне, і КДБ трэба было знайсці інфармацыю. Мабыць, яе прэсавалі, запалохвалі", — дзеліцца ўражаннямі Аня, якая вучылася з Юліяй Юхнавец у каледжы.

Частка 2. Свет без межаў

У сярэдзіне 2010-х Юлія далучылася да дабрачыннай грамадскай арганізацыі "Свет без межаў", якая займаецца дапамогай дзецям:

"Мы з Юліяй мала знаёмыя, — распавядае супрацоўніца "Свету без межаў", якая была ў яе ў сябрах у сацсетках. — Яна падала заяўку на валанцёрства ў нашу арганізацыю. Была на мерапрыемствах пару разоў, але актыўнага ўдзелу не прымала. Даўно, дарэчы, яе не было".

 

Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Частка 3. Тэатральная студыя

Яшчэ адна дзяўчына (прозвішча ёсць у рэдакцыі) пазнаёмілася з Юляй Юхнавец падчас практыкі ў тэатральнай студыі.

"Пазнаёміліся мы з ёй у тэатральнай студыі ў 2015 годзе. Яна туды прыйшла разам з сябрам з прозвішчам В. (прозвішча ёсць у рэдакцыі). Яны любілі патусіць з багемнай моладдзю. Сама яна любіла выглядаць як "залатая моладзь", хоць зусім незразумела было, за якія грошы яна падтрымлівала гэты вобраз. Наколькі я ведаю, яна не вельмі шмат атрымлівала. Пры гэтым у яе былі раскошныя рэчы: сумкі Chanel, дарагія футры, упрыгажэнні з брыльянтамі. Цяпер зразумела, адкуль у яе былі грошы на такі стыль жыцця".

Юхнавец і В. любілі правакаваць тэатралаў размовамі пра палітыку і беззаконне чыноўнікаў: пачыналі размовы пра Лукашэнку, пра чыноўнікаў з Драздоў, пра бязмежжа ўладаў.

"В. любіў ладзіць публічныя размовы, дазваляючы сабе шмат рэзкіх выказванняў. Юля ж любіла пагутарыць асабіста, усё выпытвала, дзе я вучуся, чым займаюся, ці працую дзесьці, куды я паступаць збіраюся, чаму я не хачу паступаць за мяжу. Навошта ёй было ўсё гэта? Мы з ёй былі толькі знаёмыя. Сама казала ці што недзе за мяжой вучылася, ці што ў нейкім прыватным ВНУ. Любіла выстаўляць сябе дысідэнткай".

Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Частка 4. Фінансавая піраміда

Раз-пораз Юлія знікала. З ёй не было магчымасьці звязацца, акаўнты ў сацсетках маўчалі. А калі яна чарговы раз з’яўлялася ў жыцці суразмоўцы Еўрарадыё, дык заўсёды прыносіла авантурныя прапановы паўдзельнічаць у сумніўных справах:

"Раптам з'яўлялася. З вельмі дзіўнымі прапановамі. Напрыклад, яна ўвесь час мяне агітавала ўступіць у крыптавалютную фінансавую піраміду "МаксіРайз" [скончыла сваё існаванне ў напачатку 2018 года. — Еўрарадыё]. Потым яна прызналася, што працавала ў ёй і падобных кампаніях рэкруцёрам.

Я ў яе пыталася, навошта яна туды лезе, там жа ашуканцы. У мяне інфармацыя ад сваякоў з МУС была. А яна мне тады адказала: "У мяне інфарматары круцейшыя за тваіх". Я тады не звярнула на гэтыя словы ніякай увагі. Атрымліваецца, яна збірала інфармацыю на ўсіх сваіх працах. Змяя падкалодная... Хоць і разумею, што маглі быць розныя абставіны, якія б маглі яе схіліць да такога супрацоўніцтва, але ж не разумею яе".

Дзе працавала, як правакавала калег. Што вядома пра агентку КДБ Юлію Юхнавец

Частка 5. Прафсаюз РЭП

Юлія Юхнавец прапаноўвала суразмоўніцы Еўрарадыё працаўладкавацца ў прафсаюз РЭП. Але дзяўчына адмовілася:

"[Юлія] распавядала, што праца няпыльная, ёсць паездкі за мяжу. Але я не адважылася з гэтым усім звязвацца. І прыкладна ў той жа час яна сама адтуль сышла, гэта было недзе ў 2016 годзе. Яна знікла, і тады ж пачалі з'яўляцца нейкія праблемы і чуткі пра гэты прафсаюз. Я тады яшчэ парадавалася, што не пагадзілася на яе прапанову".

Пасля гэтага Юля канчаткова знікла. Змяніла нумары тэлефонаў. Памяняла акаўнты ў сацсетках. Нашая суразмоўца больш не мела зносінаў з ёю. Пра сваю былую сяброўку яна даведалася з навінаў пра суд над кіраўнікамі прафсаюза РЭП.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі