"Дзелавы інтэрнэт" ужо наведалі больш за тысячу чалавек

На пятую штогадовую канферэнцыю "Дзелавы інтэрнэт", якая праходзіць у "Загор'і" пад Мінскам, папярэдне праз сайт зарэгістравалася 1600 чалавек. Яшчэ некалькі соцень атрымалі рэгістрацыю ўжо пасля яе пачатку. Праўда, многія пакуль не даехалі, шмат каго чакаюць у нядзелю і суботу. У першы ж дзень было больш за тысячу наведвальнікаў.
Магчыма людзей было б больш, калі б канферэнцыя праходзіла ў Мінску, але тады патрапіла б шмат выпадковых людзей, лічаць арганізатары.
Распавядае галоўны арганізатар каферэнцыі Аляксандр Чэкан:
"Новыя фарматы канферэнцыі прадугледжваюць большую ўключанасць аўдыторыі ў працэс. Калі мы бачым напаўпустыя залы, то людзі па кутах, сядзяць і нешта робяць. Тыя людзі, якім такі нетворкінг не патрэбны, яны глядзелі ўчора трансляцыю анлайн, іх каля 3 тысяч".
Сапраўды, толькі за адзін дзень праглядаў прамой трансляцыі было 15 тысяч, унікальных карыстальнікаў, якія глядзелі эфір з канферэнцыі было ў 3 разы болей чым прысутных у залі.
Не абыйшлося без накладак, але распавядаць пра іх Аляксандр Чэкан не стаў, каб не грузіць усіх арганізацыйнымі праблемамі.
"Я спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас будзе ўсё больш дакладна. Магчыма зладзім зноў тут, магчыма, у іншым месцы. У прынцыпе, пасля гэтага года мы можам ладзіць канферэнцыю хоць у чыстым полі".
А вось сёлета ледзь не давялося ладзіць канферэнцыю на вуліцы. Арэндаваць у Мінску памяшканне больш на 500 чалавек нерэальна, а за тое, што ёсць, заламваюць вялікія грошы, паскардзіўся дырэктар і заснавальнік TUT.by Юрый Зісер.
"Уладальнікі памяшканняў проста дабілі. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка, будынак належыць дзяржаве, і прэзідэнт ці прэм'ер можа прызначыць там нечакана мерапрыемства на любы дзень. Потым, два месяцы таму, мы абвесцілі, што ўсё будзе ў "Мінск-Арэне". Адразу ж як мы гэта зрабілі, нам паведамілі, што там будзе Хасэ Карэрас 16-га, а мантаж сцэны тры дні".
Таму вырашылі не рызыкаваць і правесці за горадам. Добра, што дапамог "Белтэлекам".
"Белтэлекаму вялікі дзякуй, як арганізатарам. Проста Ціхар сказаў — трэба, і "Загор'е" сказала — ёсць", — кажа Аляксандр Чэкан.
Агулам у арганізацыі канферэнцыі задзейнічаныя дзясяткі людзей, увесь пансіянат працаваў на яе, пад гасцей вызвалілі палову месцаў у гасцініцы. "Белтэлекам" даслаў інжынераў, каб яны ўсталявалі кампутары, арганізавалі трансляцыю і доступ у інтэрнэт па wifi.
"Яшчэ пятнаццаць салдат будавалі вось гэты намёт з вайсковай часткі. Фірма, якая рабіла ўвечары салют, наймалі асобна. Учора мне тэлефануюць дзяўчыны і ў жаху кажуць, што ўсё не так. У тым ліку снарады не падыходзяць да пушак".
Пакуль канферэнцыя не скончаная, але ж Еўрарадыё пацікавілася ў Юрыя Зісера, колькі арганізатарам каштавала гэтая некамерцыйная падзея.
Юрый Зісер: "Калі з усімі разлічымся, будзе бачна. Але пайшлі дзясяткі тысяч — гэта дакладна. У мінулым годзе толькі прамых затрат было 20 тысяч [долараў]".
Але на думку Зісера, гэта акупіцца ў будучым. Сёння галоўнае "падняць" рынак, каб на ім з'явіліся грошы, новыя праекты і канкурэнцыя.
Дарэчы, на юбілейнай каферэнцыі было некалькі новых праектаў Startup session і Devcamp: Mashpit.
У рамках апошняга маладыя праграмісты ў рэжыме рэальнага часу распрацоўваюць разам новыя праекты.
Распавядае арганізатар секцыі Раман Бугаёў:
"Удзельнікі працуюць у нефармальнай абстаноўцы, кожны можа ўзяць мікрафон і выступіць. Яны могуць паўплываць на працэс. Зараз мы робім два праекты. Першы сервіс дазваляе размясціць інфармыцыю, куды і адкуль ты едзеш, каб знайсці сабе спадарожнікаў і не ехаць аднаму. А таксама робім такі больш жартаўлівы сервіс знаёмстваў для жывёлаў. У кожнага ёсць кот, для якога ён можа знайсці сяброўку".
У рамках секцыі Стартап маладыя людзі абменьваюцца сваімі ідэямі. Нехта можа нават атрымаць інвестыцыі пад свае праекты, для кагосьці будзе карыснай канструктыўная крытыка, кажа арганізатар Алена Бартневіч.
"Мы запрасілі розныя паспяховыя стартапы, каб яны распавялі пра тое, як яны пачыналі, дзе знаходзілі ідэі ды інвестыцыі. Людзі знаходзяць каманды, партнёраў, інвестыцыі, і зваротную сувязь".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі