Дзевятоўскі пра свой тытул чэмпіёна свету: Гэта навіна выклікае ў мяне боль
Вядомы беларускі спартсмен і дэпутат атрымаў гучныя тытулы пасля таго, як іх забралі ў земляка Івана Ціхана.
Пра тое, што былому малатабойцу, а сёння дэпутату Палаты прадстаўнікоў Вадзіму Дзевятоўскаму прызначаць тытул чэмпіёна свету-2005, абмовіўся Аляксандр Лукашэнка. Гэта здарылася падчас штогадовага звароту да народа і Нацыянальнага сходу.
“У нас, вунь, чэмпіён свету жывы сядзіць. На гадзіну раней прыйдзіце, ― параіў парламентарыям кіраўнік Беларусі, крытыкуючы іх за нездаровае харчаванне. ― Ён вас усіх тут пастроіць і пакажа, што рабіць. Нездарма ж у парламент накіравалі”.
І сапраўды, праз некалькі дзён інфармацыя наконт “чэмпіёна свету” пацвярджаецца. На сайце Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) з’яўляецца матэрыял пра тое, што Вадзіму Дзевятоўскаму прызначаецца залаты медаль за першынство свету 2005 года. Бронза афінскай Алімпіяды, пра якую таксама вядзецца гаворка ў паведамленні IAAF, была перададзеная Дзевятоўскаму яшчэ год таму.
Такое медальнае “павышэнне” дэпутат атрымаў дзякуючы ануляванню вынікаў іншага беларускага малатабойцы, Івана Ціхана, якога абвінавацілі ў спажыванні допінгу.
“Усе гэтыя навіны я ўспрымаю з болем, і я разумею, што насамрэч адбываецца, ― выказваецца Вадзім Дзевятоўскі Еўрарадыё. ― Іван Ціхан ― выбітны спартсмен. Гэта я вам кажу як прафесіянал. Я ведаю цану талента Івана Ціхана. Гэта ўсё, што я пакуль магу сказаць”.
“Ці перадалі вам залаты медаль за Чэмпіянат свету-2005 і за Алімпіяду ў Афінах?” ― цікавімся ў Вадзіма Дзевтоўскага.
“Медалёў у мяне няма. І дзе яны знаходзяцца, мне не вядома”.
Нагадаем, што ў спажыванні допінгу абвінавачвалі і самога Вадзіма Дзевятоўскага. Аднак атлет змог адстаяць сваю пазіцыю ў міжнародных судовых інстанцыях.
Адзначым, што да нашых спартсменаў часта ставіліся, магчыма, неаб’ектыўна. Узгадаем хаця б сітуацыю вакол Івана Ціхана перад Алімпіядай у Лондане. У ліпені 2012-га года з’явілася інфармацыя пра тое, што допінг-проба васьмігадовай даўніны аказалася станоўчай. Пасля гэтага беларускага малатабойца акрэдытавалі на Гульні ў Лондан, увялі ў пратакол спаборніцтваў, пусцілі ў алімпійскую вёску. А за паўдня да спаборніцтваў Ціхана выдварылі з алімпійскай вёскі, паведаміўшы, што ён парушальнік (на ўвазе мелася ўсё тая ж проба васьмігадовай даўніны).
Допінгавая справа штурхальніцы ядра Надзею Астапчук і яе трэнера цягнулася больш за год. Было праведзенае “расследаванне”, дзе гутарка вялася пра падсыпаны трэнерам допінг у каву. А потым пасля ўсяго гэтага свае ж чыноўнікі Надзею дыскваліфікуюць на максімальны тэрмін ― чатыры гады.