Дзмітрыеў: Лябедзька скраў нашу ідэю, каб любым чынам стаць кандыдатам

Ідэю вылучыць кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года палітвязня Міколу Стакевіча Анатоль Лябедзька агучыў 25 лістапада падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Мы яго падтрымаем. Мы гатовыя выставіць яго кандыдатам, але разумеем, што яго не зарэгіструюць", — заявіў Лябедзька.

А вось другім палітыкам, кандыдатуру якога падтрымае АГП, стане… сам Анатоль Лябедзька. Які пакідае за сабой права зняцца з выбараў.

У гэтай заяве цікавае тое, што ідэя вылучэння кандыдатам Міколы Стакевіча, які з 2010 года знаходзіцца за кратамі, належыць кампаніі “Гавары праўду”. І агучваў яе Уладзімір Някляеў яшчэ на пачатку жніўня. А калі дадаць сюды тое, што раней у АГП скептычна ставіліся да ідэі Статкевіча-кандыдата і нежаданне Анатоля Лябедзькі ставіць подпіс пад пагадненнем аб правядзенні Кангрэсу дэмсіл па абранні адзінага, то выглядае гэта зусім дзіўна. А намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў прама называе гэта крадзяжом.

Андрэй Дзмітрыеў: “Да таго, як Лябедзька скраў гэтую ідэю, Някляеў, калі яе прапаноўваў, казаў: “Вельмі важна, каб яе падтрымалі ўсе”. Сілаў мала, і каб данесці такую думку да грамадства, трэба з ім працаваць, і працаваць разам. Цяпер Анатоль хоча паменшыць падтрымку гэтай ідэі ў 7 разоў! У параўнанні з тым, што мы прапаноўвалі. Толькі дзеля таго, каб самаму хоць неяк стаць кандыдатам. Выйдзі ты і па-мужчынску скажы: “Хачу быць кандыдатам, і ўсё! І ні на якія перамовы не пайду, бо баюся прайграць Кангрэс!” Ну, мы зразумеем і пойдзем далей”.

Еўрарадыё цікавіцца, ці гатовыя “Гавары праўду” альбо кааліцыя “Народны рэферэндум” падтрымаць Лябедзьку ў яго памкненні вылучыць Статкевіча кандыдатам і далучыцца да гэтай кампаніі? Але Дзмітрыеў звяртае ўвагу на тое, што “дублёрам” Статкевіча лідар АГП называе сябе: “Для таго, каб падтрымліваць Статкевіча, не бачу сэнсу падтрымліваць Лябедзьку”. Такога дублёра мусіць абіраць менавіта Кангрэс, ад удзелу ў якім Лябедзька адмаўляецца.

Тым не менш, канчаткова ставіць крыж на Кангрэсе і на адзіным — зарана, лічыць Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў: “Гэта залежыць ад Анатоля, паставіць ён 1 снежня свой подпіс пад пагадненнем ці не”.

Маўляў, калі паставіць, то Кангрэс будзе, і на ім абяруць “дублёра” Статкевіча. А ці ведае сам палітвязень пра ідэю зрабіць яго кандыдатам і як да гэта ставіцца, цікавімся ў жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч.

Марына Адамовіч: “Ён, безумоўна, у курсе ініцыятывы Уладзіміра Някляева — ён яму пісаў і я яму перадавала гэтую інфармацыю. Ён гэтую ідэю падтрымліваў і даваў сваю згоду на вылучэнне, калі такое станецца”.

Як спадар Мікола паставіцца да таго, што цяпер ідэю Някляева перахапіла АГП, Марына Адамовіч казаць не бярэцца. 

Фота: Змітра Лукашука.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі