Чым вядомы Дзмітрый Мезенцаў — наступны амбасадар Расіі ў Беларусі
Дзмітрый Мезенцаў / www.gazeta.ru
Позна ўвечары 30 красавіка Уладзімір Пуцін прызначыў сенатара Дзмітрыя Мезенцава амбасадарам Расіі ў Беларусі. На гэтай пасадзе Мезенцаў замяніў нязручнага для афіцыйнага Мінска Міхаіла Бабіча.
Чым жа вядомы Дзмітрый Мезенцаў, які неспадзявана стаў паслом Расіі ў Беларусі ў апошні дзень красавіка?
Будучы амбасадар нарадзіўся ў Ленінградзе ў сям'і Фёдара Мезенцава — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, франтавога карэспандэнта.
Адукацыю атрымаў у Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Нядоўга працаваў майстрам цэха ў адным з дэпо Кастрычніцкай чыгункі.
Ва ўладу прыйшоў па камсамольскай лініі: у 1990 годзе, на момант абрання дэпутатам Ленінградскага гарсавета, быў сакратаром камітэта ВЛКСМ батальёна курсантаў Ленінградскай вышэйшай вучэльні чыгуначных войскаў.
З 1991 па 1996 год працаваў у адміністрацыі мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака. У гэты ж час з Сабчаком працаваў будучы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Мезенцаў абараніў дысертацыю на тэму "Псіхалогія ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне палітычных установак асобы". Кандыдат псіхалагічных навук.
У 2009 годзе ўзначаліў Іркуцкую вобласць Расіі. Гэта ў Сібіры — там, дзе возера Байкал. Дарэчы, у Іркуцкай вобласці вялікая беларуская дыяспара — каля 50 тысяч чалавек.
Мезенцаў спрабаваў ўдзельнічаць у выбарах на пасаду прэзідэнта Расіі ў 2012 годзе. Пасля адбракоўкі часткі падпісных лістоў у яго апынулася недастаткова подпісаў. Выбары выйграў Уладзімір Пуцін.
8 чэрвеня 2011 з-за Мезенцава на гадзіну затрымалі рэйс "Аэрафлота" з Іркуцка ў Маскву. Губернатар спазніўся на самалёт па службовых абставінах. Ён мог паляцець асабістым рэйсам, але не стаў гэтага рабіць: занадта дорага для бюджэту рэгіёну.
У 2014 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў Дзмітрыю Мезенцаву дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла.
Дзмітрыю Мезенцаву 59 гадоў. Ён жанаты, у яго ёсць дарослая дачка і ўнук.