Дзяржаўныя “Песняры” рвуцца на “Еўрабачанне” з таемнай песняй

Ансамбль рыхтуе рускамоўны хіт. Пётр Ялфімаў паспрабуе ўзяць “Еўрабачанне” з песняй пра каханне. Аляксандр Патліс выканае філасофскую кампазіцыю ў стылі жорсткага панку, а Гюнеш Абасава памяняла рокавае гучанне мінулага года на дыска. Еўрарадыё пазнаёмілася і з іншымі песнямі беларускіх артыстаў, якія жадаюць паехаць на Еўрабачанне ў Маскву. Першы беларускі адборачны тур да Еўрабачання – Еўрафэст – адбудзецца ў чацвер 4 снежня. І ад сюрпрызаў ужо заімжэла ў вачах. Дакота з беларускамоўным хітом – далёка не адзіны сюрпрыз.

У бітву за карону Еўрабачання ўключыліся беларускія ветэраны – “Песняры”. Пра намер узяць удзел ў Еўрафэсце заявіў кіраўнік гэтага дзяржаўнага ансамбля Вячаслаў Шарапаў.

Вячаслаў Шарапаў: “Трэба ж трохі яшчэ парэпеціраваць. Песня будзе на рускай мове, паколькі ў нас дзве дзяржаўныя мовы і паколькі конкурс адбудзецца ў Маскве”.

Не адмовіліся ад барацьбы і іншыя зоркі. Пётр Ялфімаў выступіць па-англійску, выканае песню пра каханне. Многія музычныя крытыкі прарочылі перамогу менавіта яму. Але дырэктарка спевака Таццяна Касмачова пакуль не збіраецца пакаваць сумкі на Еўрабачанне ў Маскву.

Таццяна Касмачова: “Я мала веру ў тое, што мы паедзем на Еўрабачанне. Ёсць шмат дзіўных людзей, якія жадаюць туды паехаць”.

Пра песню, якую выканае Пётр Ялфімаў, Еўрарадыё расказалі мала. Але нам стала вядома, што нейкіх ноў-хаў Ялфімаў прыдумляць не стаў.

“Песня прыгожая, пра каханне, вельмі добрая і шчырая, - працягвае Таццяна Касмачова. - Песня напісана ад душы. Зменай іміджу Пётр займацца не будзе. Дарослы артыст, які даўно склаўся, не павінен мяняць імідж і нешта ў гэтым плане ўвесь час прыдумляць”.

Здзівіла Гюнеш Абасава. Яшчэ колькі тыдняў таму ўся краіна была ўпэўненая – Гюнеш паедзе на Еўрабачанне за Азербайджан. Але высветлілася, што гэта інфармацыя – піяр-ход.

“Гэтае пытанне ў нас ніколі не стаяла. Гэта былі домыслы, - кажа Вольга Смаляк, Дырэктарка Гюнеш Абасавай. - Гюнеш хоць і азербайджанка паводле паходжання, вельмі патрыятычная дзяўчына і ў дачыненні да Беларусі. Хоць калі б прапанова ад Азербайджана паступіла, мы б яе, быць можа, разгледзелі”.

Гюнеш збіраецца да апошняга змагацца за перамогу ў Еўрафэсце. На гэты раз спявачка вырашыла праспяваць песню ў стылі дыска, якая будзе карэнным чынам адрознівацца ад мінулагодняй, рокавай. Назва кампазіцыі Fantastic Girl.

“Хутчэй, песня ў стылі дыска. Хоць прысутнічаюць і іншыя стылі, - працягвае Вольга Смаляк. - Песня завадная. Словы пра фантастычную дзяўчынку, якая спявае: “Куды ты глядзіш? Пра што ты думаеш? Хто, калі не я? Іншай такой быць не можа”. Песня вельмі складаная, больш складаная за мінулагоднюю нашу кампазіцыю на “Еўрафэсце”.

Адну з самых нефармальных і філасофскіх песень падрыхтаваў Аляксандр Патліс. Ён запісаў рускамоўную песню, да якой рыхтуецца англійскі тэкст.

Аляксандр Патліс: “Песня зробленая ў фармаце жорсткага панка, называецца “Кто сказал?”. Песня ўзнікла за апошнія паўтара гады. Праблема ў тым, што многія блізкія людзі выпадкова кажуць адно аднаму прыкрыя словы, раняць адно аднаго, а потым не могуць дараваць. На дадзены момант тэкст рускамоўны. Але знаёмы амерыканец, які жыве ў нас, перакладае яе на англійскую”.

Аляксандр Патліс падзяліўся з Еўрарадыё ўрыўкам песні:

Кто сказал, что моя любовь
Не сможет своротить?
Кто сказал, что любовь ушла,
Ее не возвратить?

Не адмовіліся ад удзелу у конкурсе рамантычныя Litesound. На гэты раз хлопцы зрабілі максімальна просты рытм і ў самім тэксце намякнулі арганізатарам “Еўрафэста” – судзіце нас справядліва.

“Усе людзі павінны быць роўнымі і павінны атрымоўваць пазітыў ад свайго жыцця, - кажа лідэр гурта Дзмітрый Кін. - А словы нашай песні Miracle такія:

And we promise and we lie
And we love until the cry
And we are wayting for a miracle to come”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі