Дзяржава абяцае кампенсацыю беларусам за знішчаных свіней
Беларусь упершыню сутыкнулася з праблемай афрыканскай чумы свіней, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.
Ён паведаміў, што ўспышка захворвання адбылася 21 чэрвеня на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна. На 25 чэрвеня яе ўжо лакалізавалі. Працягваецца акцыя па недапушчэнні распаўсюду захворвання ў Карэліцкім, Навагрудскім, Стаўбцоўскім і Валожынскім раёнах. Там у людзей забіраюць свіней.
Дзяржава кампенсуе насельніцтву страты, звязаныя з адабраннем свіней з мэтай недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі краіны афрыканскай чумы свіней. За 1 кг жывога вагі сёння выплачваецца 18 тысяч 337 рублёў — гэта кошт 1 кг свініны другой катэгорыі.
Кампенсацыі, па словах міністра, павінны выплачвацца на працягу тыдня. "Для гэтага створаны спецыяльныя фонды ў раённых, абласных бюджэтах, каб ажыццяўляць кампенсацыйныя выплаты насельніцтву", — цытуе словы Леаніда Зайца БЕЛТА.
Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.
Фота — bymedia.net