Дзяржава зэканоміць на студэнтах і пенсіянерах

У хуткім часе студэнты, пенсіянеры і інваліды могуць забыцца на ільготны праезд. Апынуцца без усіх прывілей і ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Інваліды першай і другой групы не будуць мець зніжак па аплаце тэлефонных размоў. Дзеці да трох год апынуцца без дармовых лекаў. А інваліды трэцяй групы не змогуць набыць лекі на 50 адсоткаў танней... Такія планы ў дзяржавы па скасаванні ільготаў.

Журналісты пацікаваілся пра гэта нават у прэзідэнта. На прэс-канферэнцыі 12 красавіка. Аляксандр Лукашэнка ясна даў зразумець, што адкладваць з прынняцем закона ўжо няма куды. Па ягоных словах, скасоўваць будуць толькі тыя ільготы, якія існуюць са сталінскіх часоў. Але ж, як аказалася, гэта не зусім так...

Свае меркаванні наконт знікнення шэрагу ільготаў выказвае намеснік старшыні камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справе ветэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Валеры Лектараў:

“З 9,5 мільёнаў беларусаў 5 мільёнаў у нас – ільготнікі. Які бюджэт гэта пацягне. Льготы па медыкаментах. Іх павінны атрымліваць толькі людзі, якія залежаць ад лекаў. Напрыклад, хворыя на дыябет, шызафрэнію, эпілепсію, раматус і гэтак далей. Усе астатнія павінны плаціць.

Там нехта пайшоў гарэлкі напіўся, у ваду залез – у яго грып ці пнеўманія, дык чаму дзяржава павінна за яго плаціць? Я сам быў студэнтам, я працаваў грузчыкам, каб зарабіць грошай.

Вы сёння прайдзіцеся па Мінску, тысячы бутэлек піва, гарэлкі... па 10-15 чалавек студэнтаў п’юць гэтае піва... Ім хапае на гэта. І мы павінны плаціць за тое, каб ён праехаў? Няхай нагамі пройдзе.

Вось я сёння ў раёне – тут пенсіянеры не ездзяць, а ў горадзе боўтаюцца незлічоныя, дзень і ноч ездзяць. Куды яны ездзяць? Павінны заплаціць!”


А вось Беларускае таварыства інвалідаў супраць прыняцця такога закону. Старшыня Цэнтральнага праўлення таварыства Уладзімір Патапенка лічыць такія змены парушэннем канстытуцыйных правоў. Таварыства нават звярнулася ў Канстытуцыйны суд. На пытанне, ці былі патрэбныя гэтыя ільготы, адказвае Уладзімір Патапенка:

“Яны былі вельмі патрэбнымі. І з’яўляліся ў пэўнай ступені кампенсацыяй для інвалідаў тых дзяржаўных гарантый, якія дзяржава не давала. У прыватнасці: дазвол на ільготны праезд для інвалідаў ці выдзяленне спецаўтатранспарту для інвалідаў. Лекі са зніжкамі таксама ў пэўнай ступені з’яўляліся кампенсацыяй тых малых пенсій”.

А куды пойдуць зэканомленыя грошы? Адказвае Валеры Лектараў:

“Не ведаю, куды яны пойдуць. Але, у прынцыпе, было заяўлена так, што гэтыя грошы пойдуць на тых людзей, якія маюць патрэбу ў рэальнай дапамозе. Сёння краіна не можа цягнуць усіх па льготах. Зарплата павінна быць годнай, пенсія годнай, каб не ільгатаваць”.

Сёння, калі звычайная студэнцкая стыпендыя складае прыкладна 90 тысячаў, застаецца незразумелым, як без ільготнага презду будуць выкручвацца студэнты. Еўрарадыё звярнулася да студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта Алесі, якая жыве на Піншчыне, каб тая распавяла, як яна будзе спраўляцца, калі ўсё ж такі ільготы знікнуць:

“Я разумею, што дзяржава шукае карысць, каб папоўніць бюджэт. Але я думаю, што ў кожнай краіне ёсць які-небудзь спецыяльна арыентаваны артыкул з бюджэту, які павінен пакрываць той жа транспарт, што мы плацім 50 адсоткаў.

У маім выпадку такія змены істотна адлюструюцца, напэўна я яшчэ радзей буду ездзіць дахаты. Таму што квіток у мяне не танны. Поўны – 19, а ільготны – 8 тысячаў. Гэта да Іванава. У адзін і другі бок ужо атрымліваецца сорак. Калі будзе сорак тысячаў, я, напэўна, буду толькі раз на паўгады ездзіць”.


Калі ўлічыць яшчэ і тое, што праязны на ўсё віды транспарту сёння ў Мінску каштуе 50 тысячаў, складана ўявіць, што застанецца ад іх стыпендыі...

ДАДАТАК:

Інваліды 1-й і 2-й групаў:
– 50-адсоткавая зніжка на аплату тэлефона (скідка давалася тым інвалідам, якія жылі з непрацаздольнымі чальцамі сям’і);
– 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 15 траўня і адзін раз у астатні час;
– бясплатнае ці ільготнае пазачарговае ўсталяванне тэлефонаў;
– чальцы сем’яў інвалідаў пазбаўляюцца ільготы ў выглядзе аплаты 20 кв.м жылой плошчы.
Інваліды 3-й групы:
– 50-адсоткавая зніжка на лекі;
– бясплатнае зубапратэзаванне.
Дзеці-інваліды:
– 50-адсоткавая зніжка на праезд па краіне;
– выплата штогадовай грашовай кампенсацыі на транспартнае абслугоўванне (гэтая ільгота давалася людзям з хворымі ныркамі).
Ліквідатары аварыі на ЧАЭС пазбаўляюцца ўсіх ільготаў.
Ліквідатары, якія сталі інвалідамі:
– бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;
– бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца лячэння, абследавання і назад;
– бясплатны праезд раз у год па Беларусі;
– тыя, хто жыве з працаздольнымі сваякамі, пазбаўляецца права на 50-адсоткавую зніжку з аплаты на камунальныя паслугі;
– не будуць кампенсавацца выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем дома адзінокага хворага інваліда, якому патрэбны догляд;
– аплочваны бальнічны лісток для працуючых на перыяд лячэння і выплаты дапамогі па сацыяльным страхаванні;
– беспрацэнтная пазыка на будаўніцтва жытла з пагашэннем 50-адсоткавай пазыкі за кошт бюджэту;
– штогоадовая аднаразовая выплаты на аздараўленне;
– асобных ільготаў пазбаўляюцца блізкія сваякі загінулых інвалідаў-ліквідатараў.
Навучэнцы і студэнты:
– 50-адсоткавая зніжка на праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце;
– 50-адсоткавая зніжка на праезд унутры краіны з 1 кастрычніка па 30 чэрвеня па суботах, нядзелях і святах. Вочнікі губляюць права і на 50-адсоткавую зніжку на квіткі, якая давалася з 1 студзеня па апошні дзень лютага — ва ўсе дні тыдня, падчас зімовых вакацыяў.
Дзеці:
– дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца бясплатных лекаў.


Ветэраны працы:
– лекі, якія выдаваліся з 50-адсоткавай зніжкай людзям, якія дасягнулі 70 гадоў;
– бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў;
– 50-адсоткавыя зніжкі на кошт праезду ў гарадскім транспарце.
Былыя вязні фашысцкіх лагероў, турмаў, гета:
– бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;
– бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Жыхары сельскай мясцовасці — у аўтобусах у межах раёну;
– бясплатны раз на год праезд па тэрыторыі краіны;
– 50-адсоткавыя зніжкі для інвалідаў і непрацаздольных чальцоў сем’яў, якія жывуць разам з імі, на камунальныя паслугі;
– 50-адсоткавая зніжка на аплату кватэрнага тэлефона.
Людзі, якія жывуць у зоне першачарговага і наступнага адсялення:
– правы на бясплатныя лекі, якія выдаюцца па рэцэптах дактароў;
– бясплатнае ўтрыманне дзяцей у дзіцячых садках і летніках;
– павялічаная на 100 адсоткаў дапамога на дзяцей малазабяспечаным сем’ям;
– 100-адсоткавая аплата бальнічных лісткоў бацьку хворага дзіцяці, калі той знаходзіўся з дзіцем у санаторна-курортнай установе;
– бясплатнае харчаванне школьнікаў і навучэнцаў ПТВ і тэхнікумаў.
Людзі, якія жывуць у зоне з правам на адсяленне:
– пазбаўляюцца практычна ўсіх ільготаў, застаецца толькі для дзяцей бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд на прыгарадным транспарце, у пасажырскім транспарце па Беларусі да месца лячэння і абследавання. Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў застаецца ў памеры 150 адсоткаў.
Донары:
– 50-адсоткавыя зніжкі з кошту лекаў;
– бясплатнае зубапратэзаванне.


Інваліды ВАВ і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў:
– бясплатны праезд раз у год на паветраным, водным і аўтатранспарце. Уведзена 50-адсоткавая зніжка;
– чальцы сем’яў пазбаўляюцца ільготаў на камунальныя паслугі.
Практычна ўсім інвалідам не будзе давацца кампенсацыя транспартнага абслугоўвання і кампенсацыя за бензін.

Інфармацыя паводле www.bulletinonline.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі