Дзяржфільмафонд: Не ведаем, колькі грошай Лукашэнка дасць на фільм з Дэпардзьё

Дзяржфільмафонд: Не ведаем, колькі грошай Лукашэнка дасць на фільм з Дэпардзьё

Генеральны дырэктар Дзяржфільмафонду Расіі Мікалай Барадачоў абверг звесткі, быццам Аляксандр Лукашэнка дасць 2 мільёны долараў на фільм з удзелам Жэрара Дэпардзьё.

Інфармацыю пра тое, што беларускі бок вылучыць такую суму, 28 верасня апублікавала газета "Известия". Паведамлялася, што гаворка ідзе пра фільм "Нармандыя-Нёман", дзе будзе граць Дэпардзьё.

У каментары агенцтву БелаПАН кіраўнік Дзяржфільмафонду паведаміў, што яго няправільна зразумелі. "Я ведаю, што Беларусь падтрымала ідэю, але пра бюджэт можна казаць толькі пасля заканчэння вытворчасці. Мы не ведаем, колькі грошай дасць Лукашэнка", — патлумачыў Барадачоў.

Пра ўдзел Беларусі ў здымках фільма "Нармандыя-Нёман" стала вядома пасля сустрэчы Дэпардзьё з Лукашэнкам сёлета ў ліпені. Тады французскі актор наведаў Беларусь і асабіста сустракаўся з кіраўніком нашай дзяржавы.

У фільме "Нармандыя-Нёман", які распавядае пра вядомы авіяполк у часы Другой сусветнай вайны, Дэпардзьё, па словах Барадачова, атрымае другарадную ролю — механіка або падобнага персанажа.

Дарэчы, у Міністэрстве культуры Беларусі заявілі, што не маюць інфармацыі пра вылучэнне 2 мільёнаў долараў на фільм "Нармандыя-Нёман". Такі ж адказ БелаПАН атрымаў на кінастудыі "Беларусьфільм".

Прэс-сакратар Мінфіна Ірына Камар заявіла, што "пакуль міністэрства нічога не будзе каментаваць з гэтай нагоды".

Дарэчы, у бюджэце Беларусі на 2015 год на падтрымку кінематографа закладзена 65 мільярдаў рублёў — па сённяшнім курсе гэта 3,7 мільёна долараў.

Фота: president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі