Эдуард Лобаў: Лепей аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна

Сустаршыня “Маладога Фронту” і былы палітвязень Эдуард Лобаў, які адбыў у калоніі чатыры гады, не бачыць “асаблівага сэнсу” ў сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю “Нашай Ніве”. Апазіцыянер заяўляе, што не пойдзе галасаваць на выбары, якія могуць адбыцца сёлета ўвосень. Пры гэтым ён лічыць, што пераадолець законным шляхам Аляксандра Лукашэнку немагчыма.

Небяспечнымі ён лічыць і адкрытыя пратэсты, як ва Украіне, бо пасля іх тут “можна чакаць расійскія войскі”. Да таго ж Лобаў кажа, што ў Беларусі наўрад ці знойдуцца палітычныя сілы, якія могуць арганізаваць сапраўдную рэвалюцыю. Таксама ён нізка ацэньвае падтрымку насельніцтвам пераменаў, бо “народ можа не падтрымаць, бо бачыць сітуацыю ва Украіне”.

“Нашыя людзі ў асноўным хочуць спакою, ім гэтыя сацыяльныя ўсплёскі зусім не цікавыя. Таму падстаў для Плошчы ў гэтым годзе я не бачу”, — сказаў Эдуард Лобаў.

Калі ж пратэсты на Плошчы ўсё ж адбудуцца, то малады палітык не выключае свайго ўдзелу ў іх і пры гэтым сумняецца, што ад акцыяў пратэсту будзе нейкі вынік. Тым не менш, ён гатовы рызыкаваць, нават калі яму будзе пагражаць новы турэмны тэрмін.

Што да стратэгіі працы апазіцыі, то Эдуард Лобаў бачыць адзіны шлях — “гутарыць з людзьмі, перацягваць іх на свой бок”. Ён лічыць патрэбным праводзіць патрыятычную палітыку ў нацыянальным аспекце.

“Не канцэнтравацца на супольным савецкім мінулым, а адчуць сябе беларусамі. Зараз з’явіўся пэўны рух у гэты бок, нават на дзяржаўным узроўні: беларускамоўныя білборды, помнік Альгерду нават… Але за год не зробіш таго, што ігнаравалася да гэтага два дзесяцігоддзі. Патрэбен час”, — сказаў сустаршыня “Маладога Фронту”.

“Я падтрымліваю пазіцыю, што лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна. Бо калі мы страцім незалежнасць, то не будзе розніцы, хто кіруе. Пры патрэбе я гатовы абараняць незалежнасць радзімы са зброяй у руках”, — заяўляе Эдуард Лобаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі