Эканаміст: 500 долараў, якія нам абяцалі, — спецэфекты
Эканаміст Сяргей Чалы падзяліўся з Еўрарадыё прагнозам развіцця курсу беларускага рубля.
Еўрарадыё: Спачатку, курс быў 8 900, а сёння ў некаторых абменніках — 7 950. Як доўга тэндэнцыя на зніжэнне курсу захаваецца і якім будзе раўнаважны?
Сяргей Чалы: Курс будзе зніжацца, безумоўна, але да нейкага ўзроўню, для захавання першай сесіі. Па меры таго, як кіраўніцтва Нацбанку пабачыць, што нейкая раўнавага на другой сесіі дасягнутая, яны паступова будуць да гэтага ўзроўню падымаць курс афіцыйны, той курс, які і ёсць курс продажу абавязковых 30% валютнай выручкі. Менавіта ў сілу таго, што ён будзе расці, у сілу гэтага аўтаматычна будзе зніжацца і курс на другой сесіі, няхай не такімі тэмпамі, але ж. У выніку, я думаю, што 7 000-7 500 тысяч рублёў — гэта будзе адэкватны канчатковы раўнаважны курс у цяперашнім стане эканомікі.
Еўрарадыё: Да пытання пра прадпрыемствы, якія дагэтуль абавязаныя прадаваць 30% сваёй валюты. Хто яе набывае па заніжаным курсе?
Сяргей Чалы: Там якраз усё вельмі канкрэтна прапісана, што, фактычна, гэта сродак для набыцця валюты для аплаты энерганосьбітаў. Гэта электраэнергія, якую мы імпартуем, і гэта расійскі газ. Па вялікім рахунку, усё.
Вядома ж, гэта не зусім так. Бо, калі глядзець баланс пакупкі і продажу, то дзесьці прыкладна каля 350-400 мільёнаў у месяц акрамя гэтых патрэб застаецца яшчэ, груба кажучы, прапанова перавышае выдаткі на гэтыя прыярытэты.
Каму яны дастаюцца? Відавочна, што Нацбанку яны не дастаюцца. Магчыма, яны дастаюцца нейкім пакупнікам, якія маюць доступ да першай сесіі. Відавочна, што гэта прадпрыемствы, якія маюць вельмі добрыя сувязі ў вышэйшых эшалонах улады, бо каб ваша заяўка была туды прапушчаная, трэба мець, як мінімум, візу Саўміна, як мінімум, візу Нацбанку і нейкія іншыя, здаецца, структуры дадаліся, якія правяраюць абгрунтаванасць гэтых заявак, ледзь не ўключна з КДБ.
Еўрарадыё: Ці пойдуць кошты ўніз і як зменіцца ўзровень жыцця людзей цяпер?
Сяргей Чалы: Тэарэтычна, кошты маглі б знізіцца, але, як паказвае наша практыка, у нас цэны лёгка павышаюцца, але цяжка зніжаюцца. Я не веру, што зніжэнне адбудзецца. Хутчэй, цэны застануцца на тым самым месцы. Што тычыцца жыццёвага ўзроўню, то па тым курсе, які складаецца, сярэдняя заработная плата менш за 200 долараў. Фактычна гэта азначае, што пасля таго, як мы перасталі сабе хлусіць, пасля таго, як мы збалансавалі знешні сектар, калі мы вырашылі праблемы на валютным рынку, аказалася, што тая структура эканомікі, якую мы будавалі 15-17 гадоў, аказалася эфектыўнай роўна настолькі, што тыя даходы, якія яна можа дазволіць сабе генераваць для працаўнікоў – гэта ніжэй за 200 долараў.
Аказалася, што “кароль голы” і ўсе гэтыя 500 долараў, якія нам абяцалі, і нават адзін раз выплацілі – гэта ўсё былі знешнія спецэфекты, за якія мы гэтым крызісам і расплаціліся. Аказалася, што мы жывем у недаразвітай, неэфектыўнай эканоміцы, якая, пасля таго, як мы прыйшлі да кароткатэрміновай стабілізацыі, патрабуе сур’ёзных рэформаў.
Еўрарадыё: Калі гэтых рэформаў не будзе, мы далей будзем жыць на 200 баксаў?
Сяргей Чалы: Так. Калі на працягу бліжэйшых гадоў нічога не рабіць, то эканоміка і будзе знаходзіцца на такім узроўні. Калі не ствараць новыя працоўныя месцы, нарошчваць 1-2% ў год ВУП, прыкладна на гэтым узроўні будуць захоўвацца даходы. Як з гэтым будуць жыць людзі, я, шчыра кажучы, не ўяўляю.