Эксперт: Беларусь чакае доля Малдовы ці Прыбалтыкі

Эксперты кажуць, што крызіс — гэта добрая магчымасць яшчэ раз прааналізаваць уласны шлях развіцця і змяніць яго. Еўрарадыё пацікавілася, якія варыянты мае наша краіна Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што існуюць дзве полюсныя версіі развіцця падзеяў. Згодна з найбольш песімістычнымі прагнозамі Беларусь чакае лёс Малдовы. А паводле найбольш аптымістычных спадзяванняў наша краіна стане сур’ёзным міжнародным канкурэнтам  у сферы аказання банкаўскіх паслугаў:

Сяргей Чалы:
“Першы варыянт, найбольш негатыўны, гэта што адбудзецца, калі нічога не рабіць. Гэта будзе варыянт “вялікай Малдовы”. А калі штосьці рабіць, цалкам магчыма, што мы будзем здольныя канкураваць з Прыбалтыкай за аўтсорсінг фінансавага капітала”.

Калі спраўдзіцца першы варыянт, нас чакае высокае беспрацоўе і занядбаныя заводы ды фабрыкі. Прыкладна траціна працаздольнага насельніцтва з’едзе ў эміграцыю, або будзе працаваць нелегальна за мяжой. Тыя, што застануцца, будуць вымушаны харчавацца ўраджаем, вырашчаным на ўласных палетках, кажа Сяргей Чалы.

А вось у найлепшым выпадку, Беларусь зможа стаць пераходным звяном паміж заходнімі і расійскімі банкамі. Раней гэтую функцыю выконвалі прыбалтыйскія краіны, але зараз іх банкаўская сістэма знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы.

Нашыя ж банкі адчуваюць сябе вельмі добра. Па словах прэс-сакратара Нацбанка Анатоля Драздова, крызіс іх амаль не закрануў.

Анатоль Драздоў: “Што тычыцца банкаўскага сектара, ён па-ранейшаму працуе стабільна, устойліва. Усе банкі прыбытковыя, у нас няма крызісных банкаў. У гэтай сферы наша краіна не пацярпела”.

Аднак менавіта стабільнасць не дае нашым банкам развівацца. За апошні час яны сталі  больш падобныя да савецкіх ашчадных касаў. Дзяржава пазбавіла іх магчымасці выбіраць, каму даваць крэдыты. Гэта і стрымлівае іх развіццё, упэўнены Сяргей Чалы:

“Наша праблема ў тым, што банкі прымушалі крэдытаваць нашыя прадпрыемствы, пры тым, што менавіта прымушалі. Ім проста казалі, куды крэдытаваць. Галоўным чынам гэта былі “дрэнныя” даўгі, якія амаль не вярталіся”.

З-за гэтага ў банкаў пачынаюцца фінансавыя клопаты, і потым ужо дзяржава вымушана ім дапамагаць. Эканамісты лічаць, што калі ўрад хоча прафінансаваць нейкае прадпрыемства, то можа зрабіць гэта і самастойна. Тады банкі змаглі б даваць больш крэдытаў прыватнікам і малы бізнэс развіваўся б значна хутчэй.

Нашыя ўлады робяць пэўныя крокі ў гэтым напрамку, але толькі дзякуючы намаганням Міжнароднага валютнага фонда, кажа Сяргей Чалы:

“Адзінае, што яны робяць добрага цягам апошніх паўгады, гэта ўсё або па парадзе, або па патрабаванні або з-пад палкі МВФ”.

Без яго дапамогі, наша краіна была б у горшым становішчы, а так — у нашых банкаў ёсць усе шансы заняць месца прыбалтыйскіх, перадусім — латвійскіх. Галоўнае, каб міжнароднае асяроддзе не перашкаджала.

Сяргей Чалы: “Галоўнае, каб з боку асноўных сусветных органаў рэгуляцыі не было супрацьдзеяння на тэму “адмывання” капітала і кантролю за незаконным абаротам сродкаў”.

Раней прыбалтыйскія банкі займаліся ў асноўным тым, што бралі пазыкі на Захадзе і перапраўлялі іх у Расію. Для расійскіх прадпрыемстваў умовы гэтых крэдытаў былі больш выгадныя, чым айчынных, таму яны карысталіся попытам. З-за крызісу ў прыбалтыйскіх банкаў пачаліся фінансавыя праблемы. Яны перасталі ажыццяўляць функцыю “пераходнага звяна”. Калі наша краіна возьме гэтае заданне на сябе, гэта і будзе найлепшы варыянт развіцця падзей.


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі