Эксперт: Калі наша авіяцыя не захавае пазіцыі, самалётаў з Расіі пабольшае
Ваенны эксперт Аляксандр Алесін не выключае павелічэння расійскай прысутнасці ў Беларусі.
У сераду стала вядома, што расійскую авіябазу ў Беларусі размесцяць у Лідзе. Яна пачне функцыянаваць ужо сёлета. Такую заяву зрабіў кіраўнік расійскіх Ваенна-паветраных сілаў генерал-лейтэнант Віктар Бондараў. Паводле яго слоў, абсталяваннем базы зоймецца беларускі бок, расіяне будуць толькі дапамагаць. Нібыта, "будаваць там нічога не трэба, там усё ёсць".
Дык чаму перавага была аддадзеная менавіта Лідзе? Ваенны эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што там найбольш падыйшла інфраструктура.
Алесін: "Што датычыць Ліды, то там функцыянуе вучэбна-штурмавая авіябаза, дзе размешчаны штурмавікі Су-25, вучэбныя самалёты. Верагодна, там ёсць свабодныя рэсурсы, плошчы, тэхналагічныя магутнасці, якія дазваляюць падтрымліваць жыццядзейнасць дадатковай колькасці самалётаў расійскай гэтай часткі".
У выніку, укладання вялікіх сродкаў для стварэння расійскай авіябазы не спатрэбіцца. Аднак, і беларускія, і расійскія самалёты будуць знаходзіцца на агульным аэрадроме.
Што да перспектываў, дык эксперт не выключае павелічэння расійскай прысутнасці ў Беларусі.
Алесін: "Калі будзе надалей адбывацца беззваротнае выбыццё авіяцыйнай тэхнікі са складу беларускай авіяцыі, то можна чакаць, што для кампенсацыі могуць з'явіцца дадатковыя авіяцыйныя сілы расійскія. Калі толькі не будзе дасягнутае пагадненне аб пастаўцы на льготных умовах авіяцыйнай тэхнікі часткам беларускай Супрацьпаветранай абароны і Ваенна-паветраных сілаў. Таму што аслабляць абарончую магутнасць гэтага рубяжа расіяне не хочуць. Альбо яна будзе падтрымлівацца за кошт беларускіх сілаў, альбо за кошт ўсё больш нарастаючай колькасці расійскіх самалётаў. Усё будзе залежыць ад таго, ці ўдасца падтрымаць хаця б на ранейшым узроўні боездольнасць беларускай Супрацьпаветранай абароны і Ваенна-паветраных сілаў".