Эксперт КДБ пра альбом Belarus Press Photo: Мне спадабаліся здымкі

“Ведаеце, я мастак. Таму магу ацэньваць альбом толькі з мастацкага боку — ён мне, уласна кажучы, спадабаўся. А што там экстрэмісцкага, я не ведаю, не эксперт у гэтай галіне”, — расказвае ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё старэйшы выкладчык кафедры дызайну факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага універсітэта Аляксандр Бондар.

Размаўляю з ім пра фотаальбом “Беларусь Прэс Фота 2011”. Яшчэ восенню 41 асобнік не здолеў пераехаць літоўска-беларускую мяжу — западозрыўшы няладнае, альбомы канфіскавалі мытнікі. Раней у Беларусь гэтыя альбомы ўвозіліся афіцыйна, для чаго былі зробленыя ўсе неабходныя дакументы.

5 красавіка адна з арганізатараў конкурсу, Юлія Дарашкевіч, атрымлівае ліст з КДБ, згодна з якім у выданні “утрымліваюцца мэтанакіравана змененыя, не адпавядаючыя рэчаіснасці здагадкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь”, а сам альбом “прыніжае нацыянальны гонар”.

Фрагмент ліста, які арганізатары конкурса атрымалі з КДБ.

Якім чынам, не ведае нават ужо згаданы Аляксандр Бондар. Ён, разам з яшчэ некалькімі экспертамі, ўваходзіць у створаную КДБ адмысловую камісію па ацэнцы экстрэмізму фотаздымкаў з “Прэс Фота Беларусі 2011”.

“Мастацтва ж можна па-рознаму трактаваць. Яно для гэтага і існуе, і створанае менавіта для гэтага”, — гаворыць Еўрарадыё эксперт Аляксандр Бондар.

У КДБ да сутнасці мастацтва ставяцца іначай, таму арганізатараў конкурсу чакае суд. Ён мае высветліць, ці сапраўды лепшыя картачкі беларускіх фотарэпарцёраў з’яўляюцца экстрэмісцкімі. Калі так, то вінаватымі ў гэтым могуць прызнаць міжнароднае журы (бо менавіта яно ў выніку складала альбом) і ўся справа рызыкуе перарасці ва ўнікальную гісторыю.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла гаворыць, што ў адных выпадках справы аб экстрэмізме развальваліся ў судзе, у іншых — на стадыі аналізу.

“У іншых выпадках КДБ не змог дамагчыся прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі ад адмыслова скліканых камісій… Так што падобныя выпадкі былі, ёсць і будуць пакуль дзейнічае закон аб экстрэмізме”.

Летам 2009 года ў вельмі падобную да справы з альбомамі “Беларусь Прэс Фота 2011” гісторыю трапіў часопіс “АРХЭ”. Тады 10 асобнікаў выдання былі канфіскаваныя на мяжы брэсцкімі памежнікамі, якія аддалі іх пачытаць у мясцовае упраўленне КДБ. Рэдактар часопіса Алесь Пашкевіч расказвае, што справа дайшла да суда.

“Быў складзены пратакол аб затрыманні, пасля часопісы перадалі ў КДБ. Мясцовае ўпраўленне КДБ правяло экспертызу. Хто быў экспертам — нам не паведамілі. А ў рэшце рэшт некалькі тэкстаў з гэтага нумара суд прызнаў экстрэмісцкімі”.

Дапамаглі апеляцыі. Ужо сталічныя суддзі засумняваліся ў экстрэмізме часопіса, а брэсцкія чэкісты адклікалі вынікі сваёй экспертызы. Праўда, канфіскаваныя асобнікі “АРХЭ” так і не вярнулі.

Што будзе з 41 альбомам “Прэс Фота Беларусі 2011”, даведаемся 17 красавіка. На гэты дзень прызначаны суд у Ашмянах.

Гран-пры "Прэс Фота Беларусі 2011" - Прагляд вечаровых навінаў салдатамі беларускага войска. Сяргей Гудзілін.

 

Іншыя фота з альбома можна пабачыць на афіцыйным сайце конкурса.

 

“Ведаеце, я мастак. Таму магу ацэньваць альбом толькі з мастацкага боку — ён мне, уласна кажучы, спадабаўся. А што там экстрэмісцкага, я не ведаю, не эксперт у гэтай галіне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі