Эксперт: Магчыма, Мінск будзе задаволены, што Кудрына знялі з пасады

110927 ZhbanauS.mp3

Еўрарадыё: Як гэтая адстаўка паўплывае на адносіны з Беларуссю?

Жбанаў: Я думаю, што ніяк не паўплывае на нашыя адносіны, бо адносіны паміж дзяржавамі будуюцца не ў залежнасці ад адстаўкі нейкага аднаго чалавека, а ў межах стратэгічных канцэпцый, якія даўно ўжо выпрацаваныя і выконваюцца такімі лідарамі, як Мядзведзеў і Пуцін. Што тычыцца самой Расіі, то я магу толькі выказаць свае спачуванні, што губляюць такія бясцэнныя кадры. Магчыма, у нашым беларускім кіраўніцтве нехта адчуе глыбокае маральнае задавальненне, што Кудрына знялі з пасады.

Еўрарадыё: А чаму?

Жбанаў: У свой час Кудрын быў смелым чалавекам, і ён калісьці казаў такія рэчы, якія да яго ніхто ніколі не казаў. Звярніце ўвагу, што Расія, як і многія іншыя краіны, знаходзіцца на парозе другога сусветнага крызісу, і ў іх сапраўды ўжо ідуць працэсы, звязаныя з дэвальвацыяй расійскага рубля, але не ў такіх, вядома, маштабах, як у Беларусі. Але знайшоўся той чалавек, які смела заявіў пра іх праблемы, якія існуюць у расійскім бюджэце. У нас такога чалавека не знайшлося, які б сказаў напярэдадні выбараў, што трэба было стрымаць выдаткі – і ў выніку мы маем тое, што мы маем. Вось пра што можна шкадаваць, што ў нас няма такога мудрага і, галоўнае, мужнага чалавека, які можа сказаць самаму прэзідэнту, чаго рабіць часам не варта.

Еўрарадыё: Чаго можна чакаць наконт продажы беларускіх прадпрыемстваў – ці будуць яны прадавацца? Ці Кудрын тут быў толькі пешкай і ўсё вырашаюць Мядзведзеў і Пуцін?

Жбанаў: Кудрын рабіў толькі праводкі, калі нешта рабілася. А што тычыцца, прадаць ці не прадаць, то сам Лукашэнка даў нам зразумець, што ён гатовы прадаваць оптам. У нас з гэтым усё зразумела, паколькі ў нас з крэдытамі з міжнародных фінансавых арганізацый існуюць туманныя перспектывы, то ў нас цалкам ясны той варыянт, што нам трэба нешта масава прадаваць. Каб папоўніць нашы золатавалютныя рэзервы, і тут Кудрын, як кажуць, можа толькі аформіць гэтую здзелку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі