Эксперт: У 2016 годзе сярэдні заробак беларусаў можа ўпасці да 200 долараў
У 2016 годзе сярэдняя заработная плата беларусаў можа знізіцца да 200 долараў у эквіваленце. Такі прагноз зрабіў кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.
"Год будзе такім складаным, што, я думаю, горшым сцэнарыем стане скарачэнне зарплаты да 200 долараў у эквіваленце з улікам курсавых тэндэнцый, рэзкага зніжэння даходаў ад нафты і нафтапрадуктаў, таго, што частка прадпрымальнікаў можа застацца без працы", — цытуе словы Раманчука БелаПАН.
Як вядома, сярэдні заробак за студзень-лістапад 2015 года склаў 6 млн 656,5 тыс. рублёў (або 366,7 долара).
Сярод асноўных патрабаванняў, якія павінны прад'яўляць прадстаўнікі беларускага бізнесу, эканаміст назваў роўныя ўмовы гаспадарання для дзяржаўнага і прыватнага бізнесу, развіццё фінансавых рынкаў, дыялогавых пляцовак паміж бізнесам і ўладай, зніжэнне падатковай і рэгулятарнай нагрузкі, ліквідацыю залежнасці ад старых тэхналогій, пашырэнне сферы рынкавых адносінаў, скарачэнне дзяржаўных праграм. Ён лічыць, што для гэтага неабходна прадстаўніцтва бізнесу ў органах дзяржкіравання, каб сумеснымі намаганнямі распрацаваць антыкрызісную стратэгію.
На думку Раманчука, сітуацыя нагадвае 1990-я гады, калі "краіна стаяла на ростанях і вырашалася пытанне: што рабіць?".