Еўрадэпутат просіць звярнуць увагу на сітуацыю палітвязня Васьковіча
Адпаведны зварот у Еўрапейскую камісію накіраваў Філіп Качмарэк.
У сваім лісце еўрадэпутат звярнуў увагу на тое, што Яўгена Васьковіча сістэматычна трымаюць у карцэры, а гэта з’яўляецца небяспечным для яго жыцця і здароўя. Такія дзеянні адміністрацыі турмы могуць сведчыць, што з Васьковіча спрабуюць выбіць падпісанне нейкага прызнання. У сувязі з усім гэтым Качмарэк пытаецца ў Еўракамісіі, што яна збіраецца зрабіць для дапамогі Васьковічу.
Нагадаем, 18 траўня 2011 года Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх пакаралі за спробу падпалу будынку Бабруйскага КДБ 17 кастрычніка 2010 года. Хлопцы кінулі ў яго бутэлькі з запальнай сумессю.
Ад кастрычніка 2011 года палітвязень Васьковіч правёў 247 сутак у ШІЗА. Ён адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме.