Еўрамайданаўцы вызвалілі будынак кіеўскай адміністрацыі
Але засталіся на барыкадах побач з ім.
16 лютага каля 10.00 камендант будынку на Хрэшчаціку, 36 Руслан Андрыйка падпісаў з прадстаўніком АБСЕ, амбасадарам Швецыі Крысціянам Шененбергерам дакумент, згодна з якім будынак перадаецца пад кантроль АБСЕ. Пасля гэтага адпаведны акт падпісаў старшыня кіеўскай гарадской адміністрацыі Уладзімір Макеенка, які фактычна атрымаў будынак у падпарадкаванне сталічнай улады.
Ён запэўніў, што не мае ніякіх прэтэнзіяў да мітынгоўцаў наконт стратаў цераз знаходжанне людзей у КГДА, перадае УНІАН. Таксама кіеўскі мэр паведаміў, што “стаіць чарга з ахвотных спонсараў прывесці будынак КГДА ў парадак і зрабіць рамонт”.
Тым часам барыкады ў цэнтры Кіева па рагу Хрэшчаціка і вуліцы Багдана Хмяльніцкага застаюцца, разбіраць іх не будуць. Пра гэта паведаміў сябра Рады аб’яднання “Майдан” Ігар Жданаў.