Еўрапарламент лічыць палітвязнямі 11 беларускіх грамадзян
Гэта вынікае з адказу кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Філіпа Качмарэка на запыт БелаПАН.
Качмарэк таксама падкрэслівае неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. "Без гэтага кроку адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю не палепшацца", — гаворыцца ў лісце, які цытуе БелаПАН.
Дыскусія пра колькасць палітвязняў у Беларусі абвастрылася пасля таго, як Еўрарадыё паведаміла пра нефармальную сустрэчу беларускіх праваабаронцаў з амбасадарам адной з краін ЕС. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, дыпламат заявіў, што Еўрасаюз прызнае палітычнымі толькі шасцярых беларускіх зняволеных.
Беларускія ж праваабаронцы лічыць палітвязнямі 11 чалавек — Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Андрэя Гайдукова, Васіля Парфянкова, Уладзіміра Яроменка, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку. Пра Васьковіча і Пракапенку праваабаронцы кажуць, што ў іх дзеяннях угледжваюцца прыкметы правапарушэння, але суд несправядліва кваліфікаваў іх дзеянні і вынес празмернае пакаранне.
У прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Мінску і ў амбасадзе ЗША не абвяшчаюць паіменныя спісы тых, каго лічаць палітвязнямі ў Беларусі. Аднак у нядаўна апублікаваным дакладзе Дзярждэпартамента ЗША палітвязнямі названыя Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч (ужо вызвалены), Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Францкевіч (ужо вызвалены), Васіль Парфянкоў, Павел Севярынец (ужо вызвалены), Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Яроменак (павінен выйсці на волю 11 сакавіка).
Фота — newspeak.by