Еўрапейскіх бізнэсоўцаў насцярожвае Мытны саюз

Падчас XII Мінскага форума нямецкія палітыкі і эканамісты сцвярджалі, што са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана на шляху еўрапейскіх інвестыцый у беларускую эканоміку з’явіўся яшчэ адзін – псіхалагічны бар’ер Дэпутат Бундэстага Геарг Шымберг лічыць бясспрэчным, што Мытны саюз прынясе Беларусі выгоды ў гандлі з Расіяй і Казахстанам. Але развіццё гэтых рынкаў пагражае еўрапейскім інвестыцыям, скарачэння якіх можна чакаць праз няўпэўненасць еўрапейцаў у трываласці новай міждзяржаўнай фармацыі:

Геарг Шымберг: “Вы кажаце, што ў вас цяпер будзе Мытны саюз... Гэта адпужвае заходнія краіны. Для перспектываў супрацоўніцтва з канцэрнамі, якія працуюць па ўсім свеце, словы вашага прэзідэнт, што вось з пачатку года пачнецца Мытны саюз, а ў сярэдзіне года нешта адбудзецца, — гэта смерць. Усе прадпрымальнікі хочуць мець як мага больш дакладныя прагнозы”.

Штэфан фон Крамон-Таўбадэль з Германскай кансультатыўнай групы эканамічных рэформаў у Беларусі кажа, што на 50% развіцця народнай гаспадаркі залежыць ад псіхалагічных фактараў. І таму псіхалагічны бар’ер, што ўжо ўтварыўся ў нямецкіх бізнэсоўцаў і стрымлівае іх інвестыцыі, – гэта вельмі дрэнны знак:

Штэфан фон Крамон-Таўбадэль: “Я ведаю бізнэсоўцаў са сваёй выбарчай акругі, ведаю, што яны думаюць. Страхі назапашваюцца. Мы баімся таго, што ў Мытным саюзе будзе дыктаваць Расія. І мы не зможам увогуле экспартаваць у Расію... Перад вамі вялікая задача: разбурыць гэтыя буйныя псіхалагічныя бар’еры!”

Нямецкім экспертам адказаў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Яго прагноз, натуральна, – аптымістычны: маўляў, баяцца еўрапейцам няма чаго!

Андрэй Тур: “У свой час у Беларусі ніхто не рабіў псіхалагічнай праблемы з таго, як мы будзем супрацоўнічаць з Польшчай, з Літвой, з Латвіяй, калі гэтая краіны ўступалі ў Еўрасаюз. А для ЕС узаемаадносіны з Беларуссю – удзельніцай Мытнага саюзу з Расіяй і Казахстанам – гэта каласальны выйгрыш.

Калі нашыя інвестыцыйныя магчымасці вас задавольваюць — гэта адкрывае для вашых тавараў– пры стварэнні сумесных вытворчасцяў у Беларусі — магчымасці для пранікнення без мытаў на вялізарную эканамічную пляцоўку, ад Брэста да Ўладзівастока”.

Андрэй Тур абяцае, што інфармацыяй пра Мытны саюз Беларусь з еўрапейскімі інвестарамі падзеліцца, як толькі будуць падпісаныя дакументы па яго стварэнні. Але ці хопіць яе, каб зрабіць патрэбнае ўражанне на асцярожную Еўропу? Здаецца, Міністэрству эканомікі ўсё ж давядзецца ў самы бліжэйшы час наймаць на працу псіхолагаў — для ламання псіхалагічных бар’ераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі