Еўрасаюз адказаў на ліст прадстаўнікоў беларускай апазіцыі

Еўрасаюз адказаў на ліст прадстаўнікоў беларускай апазіцыі

Еўрасаюз адказаў на ліст прадстаўнікоў беларускай апазіцыі пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў нашай краіне і пра далейшыя дачыненні РБ і Еўрасаюза. Яго падпісвалі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Павел Севярынец. Больш за месяц таму апазіцыянеры прапаноўвалі рэалізаваць пакрокавую дарожную карту дэмакратычных зменаў і развіцця дыялогу з ЕС. Сярод іншага гаворка ішла пра арганізацыю перамоўнага працэсу з удзелам прадстаўнікоў улады і апазіцыі пры пасярэдніцтве АБСЕ, пра неабходнасць правядзення парламенцкіх выбараў 2016-га ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Як інфармуе прэс-служба Аб'яднанай грамадзянскай партыі, адказ на ліст беларускіх апазіцыйных палітыкаў напісалі старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і вярхоўная прадстаўніца ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні. Яны падзякавалі за ліст і паведамілі, што "прынялі да ведама аналіз сітуацыі".

"Існаванне моцнай апазіцыі — гэта жыццёвая неабходнасць для развіцця дэмакратычных і плюралістычных грамадстваў. Выбарчае заканадаўства і працэдуры, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, гэта, безумоўна, вельмі важна для гарантавання грамадзянам магчымасці рэальнага выбару", — гаворыцца ў лісце кіраўнікоў ЕС. У ім адзначаецца, што Еўрасаюз будзе "настойліва заклікаць" улады Беларусі выконваць рэкамендацыі АБСЕ ў справе правядзення выбараў.

Туск, Юнкер і Магерыні падкрэсліваюць, што "ЕС ангажаваны ва ўсебаковыя дачыненні для паляпшэння Еўрапейска-беларускіх стасункаў". Таксама Брусель спадзяецца "на больш пазітыўны парадак дня з Беларуссю, павелічэнне кантактаў і сфер для супрацы".

"Мы ўпэўненыя, што пашырэнне дыялогу — гэта ключ для далейшага прагрэсу ў нашых стасунках. Правы чалавека, дэмакратыя, верхавенства права і свабода выказванняў — гэта частка раўнання, унутраная частка заангажаванасці ў ЕС. Далучэнне і актыўнае ўцягванне ў гэтыя працэсы грамадзянскай супольнасці застанецца найважнейшым для развіцця такіх адносін", — гаворыцца ў лісце, які атрымалі з Бруселя беларускія апазіцыйныя палітыкі.

Фота: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі