Еўрасаюз уключыў у "чорны спіс" Аляксандра Лукашэнку і яшчэ 14 чыноўнікаў
Еўрасаюз пашырыў свой "чорны спіс" адносна Беларусі на 15 асобаў. У абноўлены спіс санкцыяў трапілі Аляксандр Лукашэнка і наступныя чыноўнікі:
Віктар Лукашэнка — памочнік кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бяспецы;
Ігар Сергеенка — кіраўнік Адміністрацыі;
Іван Тэртэль — старшыня КДБ;
Раман Мельнік — начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС;
Іван Наскевіч — старшыня Следчага камітэта;
Аляксей Волкаў — былы першы намеснік старшыні Следчага камітэта, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз;
Сяргей Аземша — намеснік старшыні Следчага камітэта;
Андрэй Смаль — намеснік старшыні Следчага камітэта;
Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра;
Ігар Бузоўскі — намеснік міністра інфармацыі;
Наталля Эйсмант — прэс-сакратар Лукашэнкі;
Сяргей Зубкоў — камандзір групы "Альфа" (спецназ);
Андрэй Раўкоў — былы дзяржсакратар Савета бяспекі;
Пётр Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суда.
2 кастрычніка Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 27 прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва. Гэтым людзям быў забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза, іх актывы падлягалі замарозцы.
Цяпер "чорны спіс" пашыраны. Гэтая мера тлумачыцца рэпрэсіямі і запалохваннем мірных дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, арыштамі і жорсткім абыходжаннем з імі, уключаючы катаванне, а таксама запалохваннем журналістаў і гвалтам над імі. Таксама ЕС спасылаецца на парушэнне правядзення выбараў, невыкананне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасці і празрыстасці выбараў, фальсіфікацыя вынікаў выбараў, адхіленне апазіцыйных кандыдатаў пад надуманымі падставамі, абмежаванні для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаванне выбарчых камісіяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.