Еўрасаюзу рэкамендавалі ўвесці новы візавы рэжым з Беларуссю

Запатрабаваць ад кіраўніцтва краін-удзельніц “Усходняга партнёрства” вызваліць палітвязняў і адмяніць для грамадзян шасці нашых краін візы рэкамендавалі ЕС дэлегаты Форума грамадзянскай супольнасці. Паводле слоў сябра Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргея Мацкевіча, працу на Форуме яны пачалі менавіта з патрабавання вызваліць палітвязняў.

Сяргей Мацкевіч: “Мы выказалі вельмі вялікую занепакоенасць, што ў некаторых краінах "Усходняга партнёрства", у Беларусі ў прыватнасці, ёсць палітычныя вязні, і мы адразу заклікалі вызваліць іх. Праца павінна весціся ў спрыяльных умовах, а гэта выключныя выпадкі, калі палітычныя вязні прысутнічаюць у гэтых краінах. Гэта недапушчальна для краін, якія імкнуцца ў Еўропу”.



25 дэлегатаў з Беларусі, які прадстаўлялі 27 грамадскіх арганізацый, цягам двух дзён працавалі ў чатырох спецыялізаваных групах. Разглядаліся пытанні ад праблем дэмакратызацыі шасці ўсходніх краін-удзельніц прапанаванай ЕС праграмы да эканамічнай бяспекі і адмены віз для Беларусі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджана і Грузіі. Згодна са словамі старшыні Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Улада Вялічкі, заўсёды паразуменне паміж гасцямі Бруселя і еўрачыноўнікамі лёгка было знайсці.

Улад Вялічка: “Увесь час было шуканне кансенсусу паміж чаканнямі Еўракамісіі ад удзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтым працэсе і чаканнямі самой грамадзянскай супольнасці — навошта яна сюды прыехала і чаго яна хацела ад удзелу ў гэтым працэсе. Гэта адбівалася на жаданні кантраляваць ход працэсу Форума больш, чым трэба”.



Нягледзячы на гэта, Форум, на думку яго ўдзельнікаў, прайшоў удала. Рэкамендацыі Еўрасаюза ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці занялі каля 25 старонак тэксту. Рэкамендавалі ЕС падштурхоўваць кіраўніцтва краін-удзельніц “Усходняга партнёрства” да паскарэння дэмакратычных рэформ на нацыянальным узроўні, да прызнання міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, да захавання незалежнасці СМІ. Заклікалі дапамагчы нашым краінам правесці сумленныя і празрыстыя выбары. І адмяніць візы для грамадзян нашых краін.

Нават, кажа Ўлад Вялічка, наступілі ў гэтым пытанні на горла ўласнай песні — калі вырашылі прасіць прэферэнцый па візавых пытаннях не для актывістаў грамадзянскай супольнасці, а адразу для ўсіх грамадзян краін “Усходняга партнёрства”.

Улад Вялічка: “Новы візавы рэжым павінен быць прапанаваны ўсім грамадзянам краін “Усходняга партнёрства”. Гэта будзе абарона інтарэсаў усіх нашых грамадзян, а не толькі тых груп, якія дамагаюцца гэтага па сваіх праграмах”.

А як прызналася сябра праўлення грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных даследаванняў” Таццяна Пашавалава, пытанне адмены віз актыўна падтрымалі прадстаўнікі ўсіх шасці краін.

Таццяна Пашавалава: “Візавае пытанне з’яўляецца вельмі балючым не толькі для Беларусі, але і для краін Каўказа. І справа нават не столькі ў кошце віз, а ў працэдурах і ў даступнасці магчымасці патрапіць у краіны Еўрасаюза. Гэтыя пытанні былі абазначаныя і пастаўленыя ў парадак дня”.



Але паставіць пытанні на абмеркаванне і нават выпрацаваць паводле іх рэкамендацыі — гэта не самае галоўнае. Важна ведаць, ці прыслухаюцца да іх. Таццяна Пашавалава сцвярджае, што ўсе дэлегаты Форума гэта выдатна разумеюць і ўсіх хвалюе будучы статус іх рэкамендацый ЕС.

Таццяна Пашавалава: “Безумоўна, яшчэ трэба працаваць над статусам рэкамендацый, якія мы распрацавалі. І гэта не так проста насамрэч. З аднаго боку, неабходна прымусіць паважаць гэтыя рэкамендацыі. З другога — мы разумеем далікатнасць і складанасць працэсу, які адбываецца падчас перамоў паміж урадамі нашых краін і Еўрасаюзам. Для Беларусі сам лёс “Усходняга партнёрства” яшчэ пад пытаннем, і мы ўдзельнічаем у праграме не цалкам. Таму галоўнае для нас — не толькі змест рэкамендацый, але і іх статус. Мы разумеем, што гэта будзе складаная праца, але спадзяюся, што мы даб’емся сур’ёзнага статуса”.

Ці атрымаецца што з гэтага вартае — нават удзельнікі Форума пакуль казаць упэўнена не бяруцца. Але Андрэй Ягораў з Агенцтва гуманітарных тэхналогій лічыць, што мы не мусім чакаць, пакуль рэкамендацыі Форума Еўрасаюз “навяжа” кіраўніцтву краін-партнёраў.



Андрэй Ягораў: “Грамадзянская супольнасць ва “Ўсходнім партнёрстве” становіцца трэцім бокам у міждзяржаўных зносінах. Не грамадзянская супольнасць “далдоніць” Еўропе, якая потым “далдоніць” беларускім уладам, а грамадзянская супольнасць на сумесных, палітычнага ўзроўню мерапрыемствах, накшталт нарады міністраў альбо кіраўнікоў дзяржаў, выносіць гэтыя пытанні ў актуальны парадак дня “Ўсходняга партнёрства”. Дзе яны пачынаюць з неабходнасцю абмяркоўвацца”.

Наступны Форум грамадзянскай супольнасці папярэдне запланаваны на наступны лістапад. І ўсе ўдзельнікі сёлетняга пагаджаюцца: сэнс яго правядзення будзе бачны пасля аналізу таго, як выконваюцца рэкамендацыі гэтага Форума.




Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі