ЕўрАзЭС: “інтэграцыя вайны” ці “цынічная платформа абмену рэсурсамі”?

Падпісаць “вырашальную” дамову па стварэнні Еўразійскай эканамічнай супольнасці кіраўнікі Беларусі, Расіі і Казахстана абяцаюць у траўні. І гарантуюць, што напоўніцу гэта ўтварэнне пачне працаваць з 2015 года. Але як можна аб’ядноўвацца, а тым больш — ствараць нейкія наднацыянальныя кіруючыя органы, калі ніякага даверу да галоўнага інтэгратара — Расіі — у астатніх удзельнікаў інтэграцыі няма? Расійска-ўкраінскі канфлікт паказаў: усходняя суседка лёгка можа парушыць любыя пагадненні, папярэджвае палітолаг Яўген Прэйгерман.



Яўген Прэйгерман: “Калі галоўны матор інтэграцыі парушае нормы міжнароднага права, то ў краін, якія ідуць за ім, таксама не ўзнікае энтузіязму па стварэнні паўнавартаснага саюзу з нармальнай прававой культурай і неабходнасцю выконваць падпісаныя пагадненні ды ўтвараць гэтую мадэль кіравання ў рэгіёне. Адпаведна, еўразійская інтэграцыя будзе заставацца “цынічнай платформай для абмену рэсурсамі”. Гэта тое, чым з’яўлялася СНД ды іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні на постсавецкай прасторы — пляцоўка пад нейкай шыльдай, з нейкімі пагадненнямі, дзе розныя ўдзельнікі мяняюцца рэсурсамі”.

                                                          Яўген Прэйгерман



Расія будзе мяняць нафту, газ ды доступ на свой рынак на, у выпадку з Беларуссю, наша выгаднае геапалітычнае знаходжанне на мапе ды нашу падтрымку Расіі на міжнароднай арэне. Адпаведна, робіць выснову эксперт, нічога “прарыўнога” чакаць ад травеньскага саміту ЕўрАзЭС не даводзіцца.



Яўген Прэйгерман: “Мы ўвесь час толькі і будзем назіраць “няроўны” перамоўны працэс, абмен рэсурсамі і пастаянна будзем гадаць: што ж будзе падпісана на чарговым саміце? які агалосяць чарговы этап інтэграцыі? Магчыма, нават пяройдзем да палітычнага саюза, але нам па-ранейшаму будуць казаць: “Давайце за дужкамі пакінем не тое каб адзіную валюту і стварэнне паўнавартасных наднацыянальных органаў, але і выемкі па гандлі таварамі”.



Да ўсяго, перасцерагае Яраслаў Раманчук, мы можам быць уцягнутыя ў палітыку сусветных санкцый супраць Расіі і яе дзеянняў у адказ на гэтыя санкцыі. І папярэджвае:



Яраслаў Раманчук: “Цяперашняя мадэль інтэграцыі з’яўляецца інтэграцыяй вайны. У межах таго, што мы з’яўляемся сябрамі АДКБ, што ў нас ёсць вельмі шмат абавязальніцтваў перад Расіяй, а ў Расіі — перад намі, то мы можам быць уцягнутыя ў вельмі непрыемную сітуацыю распаўсюджвання гандлёвых, эканамічных санкцый на Беларусь. І гэта самы небяспечны сцэнар для нашай краіны”.

                                                Яраслаў Раманчук



Але калі нават падыходзіць да працэсу стварэння ЕўрАзЭС фармальна, па ўзроўні падрыхтаванасці дакументаў, дамоў і заканадаўчых актаў, то ўзнікае шмат пытанняў.



Яраслаў Раманчук: “Кажуць, пагадненне па ЕўрАзЭС гатовае на 79-82%. А 82% чаго? Калі фармальна ставіць галачкі насупраць актаў заканадаўства — гэта адно. А калі паглядзець па гандлёвым балансе, па экспарце-імпарце і па тых таварах, якія не прайшлі ўзгадненне, то для Беларусі гэта будзе каля 65%. І калі па дзвюх трацінах аб’ёму гандлю няма ўзгаднення за паўтара месяца да дэдлайну, пытанне: хлопцы, а што вы там рабілі — з 1995 года ўзгаднялі і па-ранейшаму пытанне застаецца адкрытым?!”



Дарэчы, на канферэнцыю, дзе абмяркоўвалася будучыня ЕўрАзЭС, былі запрошаныя прадстаўнікі амбасадаў Казахстана і Расіі, МЗС Беларусі. Але ўсе адмовіліся ў апошні момант, спасылаючыся на розныя паважлівыя прычыны. Дый інакш і быць не магло, лічыць незалежны аналітык Аляксей Філіпаў. Бо ЕўрАзЭС — прыгожая ўпакоўка, але што ўнутры, не ведаюць нават самі ўдзельнікі інтэграцыі.



Аляксей Філіпаў: “Прыходзіць і даваць аптымістычныя прагнозы, якія яны павінны даваць па сваіх службовых абавязках, ім не дае думка, што праз паўгода ім гэтыя прагнозы могуць прыгадаць. А даваць прагнозы песімістычныя яны не маюць права. Таму — лепш не прыйсці”.

                          Аляксей Філіпаў і Яраслаў Раманчук



Дый прыклад такога нібыта паспяховага праекта, як Мытны саюз, не дае падстаў верыць, што нешта вартае атрымаецца з ЕўрАзЭС. Паводле назірання Аляксея Філіпава, за гады існавання Мытнага саюза ў беларускім экспарце не з’явілася ніводнай новай таварнай пазіцыі, а тыя, што ёсць, не толькі не павялічыліся ў аб’ёмах, а часам нават і “праселі”.

Фота: Змітра Лукашука, about.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі