ФК “Рубін”: Калі б БАТЭ запытаў за Хагуша вельмі дорага, мы б яго не ўзялі

Абаронца барысаўскага БАТЭ Анры Хагуш знаходзіцца на трэніровачным зборы ў Іспаніі разам з расійскім клубам “Рубін”, які ў мінулым сезоне стаў чэмпіёнам краіны. Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар казанскай каманды Максім Лапухоў, кантракт не падпісаны, але гэта можа здарыцца падчас збораў.

Максім Лапухоў: “Гэты збор ён дакладна будзе з камандай. Магчыма, па ходу збору кантракт будзе падпісаны, але пакуль не падпісаны, наколькі мне вядома”.

Пры гэтым назваць суму трансферу прэс-сакратар адмовіўся.

Максім Лапухоў: “Цяпер колькі гульцоў з БАТЭ пераходзяць у расійскія клубы?.. Вось апошнім Жаўнерчык, скажам, у “Кубань” перайшоў. Што там сума называлася? Не бачыў я ніводнага гульца БАТЭ, каб сума ўказвалася пры пераходзе яго ў іншую каманду. А што тычыцца Хагуша, шчыра скажу, я не ведаю. Але я думаю, што калі б БАТЭ запытала вельмі дорага, то мы б, натуральна, яго не ўзялі”.

Нядаўна ў беларускай прэсе з’яўлялася інфармацыя, што Хагушам цікавіўся “Зеніт”. Нібыта за свайго абаронцу барысаўскі клуб прасіў мільён еўра, аднак піцерцы адмовілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі