Фота дня: шыльда коштам $2860 на ўваходзе ў беларускае міністэрства
26 жніўня беларускае Міністэрства гандлю афіцыйна пераіменавалі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Новаму" міністэрству спатрэбілася новая шыльда на ўваход. На яе вытворчасць быў распачаты тэндэр.
Кошт шыльды... 5600 дэнамінаваных рублёў. Ці $2860 па курсе на 31 жніўня — дзень, калі мусіў скончыцца тэндэр.
Вось гэтая шыльда. Звонку здаецца — абсалютна звычайная: памеры стандартныя, літары не пазалочаныя. Такія вісяць на ўваходзе ў кожнае міністэрства! Адкуль такі кошт?
"Мы хацелі шыльду за гэтую цану — і нам зрабілі за гэтую цану. А былі прапановы, у якіх стаяла выстаўленая больш высокая цана, — распавядае Еўрарадыё Аляксей Нявольскі з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. — Шыльду рабілі ў мастацкім камбінаце "Беларускага саюза мастакоў".
Што праўда, была яшчэ адна кампанія — "Бронза-арт". Мы іх арыентавалі на гэтую суму [5600 рублёў. — Еўрарадыё], яны спачатку назвалі большы кошт, пасля меншы... Але мы з імі так і не дамовіліся. Яны доўга думалі, пасля нічога мне не выслалі. Мне здаецца, што шыльда ад "Бронза-арт" была б лепшай. Калі вас кошт бянтэжыць — дык у іх, магчыма, быў бы і меншы кошт".
Мастацкі камбінат ГА "Беларускі саюз мастакоў" мае шмат замоваў ад дзяржавы. Тамтэйшыя майстры рабілі металічныя надпісы для станцыяў метро "Грушаўка" і "Малінаўка", парэнчы маста за Нацыянальнай бібліятэкай, ліццё для мінскай Ратушы.
"У нас няма прайс-лістоў. Нашая праца індывідуальная. Разлічваецца кожная канкрэтная праца, — тлумачаць на камбінаце. — Спачатку над замова працуе дызайнер, пасля робіцца разлік. Калі цана не задавальняе — знаходзім кампраміс, каб замова ўсё ж адбылася".