Фотафакт: у Віцебску з'явілася вуліца Марка Шагала
У Віцебску з'явілася вуліца імя Марка Шагала (1887 — 1985), знакамітага ва ўсім свеце мастака, ураджэнца горада. Як піша газета "СБ. Беларусь сегодня", дэпутаты гарсавета нядаўна перайменавалі частку вуліцы "Праўды" (паміж вуліцамі Калініна і Леніна). Цікава, што перад гэтым віцебскія ўлады звярталіся па афіцыйны дазвол да ўнучкі Шагала Мерэт Мэер, якая жыве ў Францыі. Яна ўспрыняла гэтую просьбу "з радасцю і ўдзячнасцю".
На вуліцы Шагала аднаўляецца будынак народнай мастацкай вучэльні, стварэнне якой у 1919 годзе ініцыяваў мастак. Там плануецца адчыніць музей, што мусіць паспрыяць прыцягненню турыстаў, кажа старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін.
Дарэчы, у Віцебску дагэтуль існаваў толькі праезд у прыватным сектары, які насіў імя Марка Шагала.