Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі: 20 гадоў мы ішлі не туды
Георгій Кандрацьеў у панядзелак правёў у Мінску ў Доме футбола прэс-канферэнцыю.
Яна праводзілася з нагоды бліжэйшых матчаў зборнай — 11 кастрычніка ў гасцях беларусы згуляюць заключны паядынак адборачнага цыкла чэмпіянату свету з Іспаніяй, а 15 кастрычніка ў Жодзіне правядуць таварыскі матч са зборнай Японіі.
Георгій Кандрацьеў, адказваючы на адно з пытанняў, выказаў меркаванне, што футбол у Беларусі развіваецца ў няправільным накірунку.
"Дваццаць гадоў мы ішлі не туды, куды трэба. Лічу, не так развівалі футбол. Цяпер усе гэтыя нарывы ўскрываюцца", — цытуе словы Георгія Кандрацьева "Прессбол".
На матчы з Іспаніяй і Японіяй Георгій Кандрацьеў выклікаў наступных футбалістаў:
брамнікі — Сяргей Верамко ("Крылы Саветаў", Расія), Аляксандр Гутар ("Дынама", Мінск), Сяргей Чэрнік ("Нёман", Гродна);
абаронцы — Алег Вераціла, Віталь Трубіла (абодва — "Дынама", Мінск), Максім Бардачоў ("Томь", Расія), Аляксандр Мартыновіч ("Краснадар", Расія), Ягор Філіпенка (БАТЭ), Дзмітрый Верхаўцоў ("Крылы Саветаў"), Арцём Радзькоў ("Церак", Расія);
паўабаронцы — Станіслаў Драгун ("Крылы Саветаў"), Сяргей Кісляк ("Рубін", Расія), Ян Цігараў ("Лакаматыў", Расія), Аляксандр Валадзько, Дзмітрый Бага, Сяргей Крывец (усе — БАТЭ), Антон Пуціла ("Волга", Расія), Павел Сітко, Сяргей Балановіч (абодва — "Шахцёр", Салігорск), Цімафей Калачоў ("Растоў", Расія), Рэнан Брэсан ("Аланія", Расія);
нападаючыя — Сяргей Карніленка ("Крылы Саветаў"), Віталь Радзівонаў (БАТЭ).
Фота — bymedia.net